10 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец запатрабаваў ад кіраўнікоў раёнаў паскорыць работы па рэканструкцыі малочна-таварных ферм. Пра гэта ён заявіў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У бягучым годзе ў вобласці трэба рэканструяваць 228 малочна-таварных ферм. Пры гэтым на ўсіх іх пасля рэканструкцыі павінна ўтрымлівацца не менш за 500 галоў жывёлы. У цяперашні час для вызначэння аб'ёмаў работ абследавана 176 ферм, работы вядуцца на 20 аб'ектах. Старшыня аблвыканкама лічыць неапраўданымі запэўненні асобных кіраўнікоў, што, пачаўшы работы ў маі, яны здолеюць своечасова іх завяршыць і асвоіць усе выдзеленыя сродкі. "У найкароткія тэрміны неабходна пачаць работы на ўсіх фермах", - запатрабаваў Аляксандр Косінец. На яго думку, да ўдзелу ў рэканструкцыі ферм пры дэфіцыце рэсурсаў варта прыцягваць спонсарскія сродкі. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон, які прымаў удзел у пасяджэнні аблвыканкама, паведаміў, што ў цяперашні час у Беларусі работы вядуцца на 45% малочна-таварных ферм, якія падлягаюць рэканструкцыі. Пры гэтым у Мінскай вобласці работы пачаты на 94% агульнай колькасці аб'ектаў. "Рэканструкцыя ферм - гэта сур'ёзная работа, якой трэба займацца. Яна няпростая па фінансавых пытаннях, але вырашальная", - упэўнены Аляксандр Якабсон. На яго думку, прапанова старшыні Віцебскага аблвыканкама аб прыцягненні спонсарскіх сродкаў пры недахопе ўласных рэсурсаў гаспадарак заслугоўвае ўвагі.-0-

БЕЛТА