9 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадстаўнікі 34 краін свету прымаюць удзел у XIX Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Аб гэтым заявіў сёння на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Міжнароднага прэс-цэнтра форуму першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах першага намесніка міністра, фестываль у Віцебску - гэта цудоўнае свята дружбы і мастацтва, таму з кожным годам колькасць яго сяброў павялічваецца. "Сёлетні форум абавязкова прынясе з сабой новыя імёны і адкрыцці. Як і ў папярэднія гады, ён зноў будзе здзіўляць і радаваць усіх сваіх удзельнікаў", - упэўнены Уладзімір Карачэўскі. Як адзначыў міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі, асвятляць падзеі фестывалю штодня будуць каля 500 журналістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Узбекістана, Малдовы, Латвіі, Літвы, Германіі, Кітая. Традыцыйна самымі шматлікімі прадстаўнікамі прэсы сталі беларуская і расійская каманды журналістаў: больш за 60 сродкаў масавай інфармацыі прадстаўляюць нашу краіну і каля 70 чалавек акрэдытаваны ад Расіі. XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 15 ліпеня, аднак першыя сольныя канцэрты ўжо далі старт фестывальным мерапрыемствам.-0-

БЕЛТА