9 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў склалі 47,8% членаў акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання ў Віцебскай вобласці. Персанальны склад камісій зацверджаны сёння на сумесным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У вобласці будуць працаваць 14 акруговых камісій па 13 чалавек у кожнай. Разам з партыйцамі і членамі грамадскіх арганізацый у склад камісій увайшлі прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадзяне шляхам падачы заяў. У агульным ліку членаў камісій на іх долю прыпадае 14,3% і 37,9% адпаведна. Ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў у склад камісій уключана 87 прэтэндэнтаў, у тым ліку 17 ад партый. Кампартыю Беларусі прадстаўляюць дзевяць чалавек, Беларускую партыю левых "Справядлівы свет" - чатыры, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці і "Беларускі народны фронт" - па два. З васьмі грамадскіх аб'яднанняў, прадстаўнікі якіх увайшлі ў склад камісій, найбольшае членства за Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і РГА "Белая Русь". З агульнай колькасці членаў акруговых выбарчых камісій удзельная вага дзяржаўных служачых складае 10,4%. Як адзначыў Уладзімір Церанцьеў, на членства ў складзе акруговых выбаркамаў прэтэндавалі 243 чалавекі. "Пры фарміраванні камісій улічваліся дзелавыя якасці кандыдатаў, іх вопыт працы ў выбарчых камісіях, каб праца камісій будавалася ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам", - падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў. Персанальны склад акруговых выбарчых камісій будзе апублікаваны ў мясцовых СМІ на працягу бліжэйшых дзён. Першыя пасяджэнні камісій, на якіх трэба будзе выбраць старшынь, намеснікаў старшынь і адказных сакратароў, пройдуць не пазней 11 ліпеня.-0-

БЕЛТА