7 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці сёння адбудзецца аўтапрабег, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім аблвыканкаме.

Старт мерапрыемству будзе дадзены на плошчы Свабоды ў Лепелі пасля мітынгу з удзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, ветэранаў, грамадскасці і моладзі. Удзельнікі ўскладуць кветкі і вянкі да магіл загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ва ўрачыстай абстаноўцы дзецям будуць уручаны піянерскія гальштукі і білеты членаў БРСМ, пуцёўкі ў трэці працоўны семестр. Затым у складзе аўтакалоны каля 400 школьнікаў і навучэнцаў Лепельшчыны на аўтобусах праследуюць ва Ушацкі раён на мемарыяльны комплекс "Прарыў", дзе таксама запланаваны мерапрыемствы з удзелам мясцовых жыхароў і моладзі. Да аўтапрабегу далучацца дэлегацыі Чашніцкага, Полацкага, Ушацкага, Віцебскага, Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў.

Аўтапрабег праводзіцца па ініцыятыве Лепельскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму Лепельскага райвыканкама, а таксама райвыканкамаў, дэлегацыі якіх у гэтым годзе ўдзельнічаюць у ім. Мерапрыемства заклікана садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню моладзі і накіравана на захаванне памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)