Пяты "Калядны фестываль" пройдзе ў Верхнядзвінску 10 студзеня і збярэ прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесій раёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.
Пяты "Калядны фестываль" пройдзе ў Верхнядзвінску 10 студзеня і збярэ прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесій раёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.
"Гэты фестываль унікальны тым, што яго ўдзельнікамі і гледачамі стануць прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій, якія ёсць у нас у раёне, - праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай. На канцэрце "Падарунак з нябёсаў" духоўныя асобы змогуць павіншаваць сваіх парафіян са святам, таксама на сцэне выступяць вучні нядзельных школ. Акрамя таго, сёлета ў гонар першага юбілею фестывалю мы запрасілі сімфанічны аркестр абласной філармоніі. Таму ў канцэртнай праграме будуць чаргавацца класіка і сучасная музыка ў выкананні прафесіяналаў і творчыя нумары нашых артыстаў і калектываў школ мастацтваў з усяго раёна", - растлумачыў галоўны рэжысёр свята, дырэктар Верхнядзвінскай дзіцячай школы мастацтваў Яўген Шугаль.
Аб'яднальная сіла Каляд з'яўляецца адной з найважнейшых ідэй фестывалю, які стаў у горадзе традыцыйным. І гэтая ідэя таксама будзе ўвасоблена творча ў фінале канцэрту, што стане сюрпрызам для ўсіх гасцей, паабяцаў Яўген Шугаль.
Акрамя таго, у фае Цэнтра культуры і народнай творчасці, які штогод гасцінна прымае на сваіх пляцоўках фестываль, будуць разгорнуты выставы творчых работ выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў, Цэнтра дзяцей і моладзі, майстроў Дома рамёстваў, духоўнай літаратуры раённай бібліятэкі, адкрыецца царкоўная крама. А таксама тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва арганізуе выставу-продаж вырабаў сваіх падапечных "Кірмаш дабра".