Прадстаўніца Беларусі Марына Аляксейчык перамагла на конкурсе прыгажосці для замужніх жанчын "Місіс Свет-2014", фінал якога праходзіў у ЗША ў амерыканскім штаце Мэрыленд, паведамляюць інфармагентствы.

Прадстаўніца Беларусі Марына Аляксейчык перамагла на конкурсе прыгажосці для замужніх жанчын "Місіс Свет-2014", фінал якога праходзіў у ЗША ў амерыканскім штаце Мэрыленд, паведамляюць інфармагентствы.

Уладальніцы гэтага ганаровага тытула 31 год. Яна выйшла замуж чатыры гады таму. Цяпер працуе тэлевядучай і выступае на сцэне ў якасці спявачкі.

Другое месца дасталася конкурсантцы ад ПАР, а трэцяе - прадстаўніцы Перу. Расіянка "Місіс Севастопаль" Наталля Мікалаева заняла 4-е месца.

Конкурс доўжыўся 8 дзён, у ім прынялі ўдзел прадстаўніцы з 35 краін. Праграма конкурсу складалася з некалькіх нумароў. Напачатку ўдзельніцы выконвалі рытмічны танец у жакетах і з трасцінкамі. За ім ішоў паказ купальнікаў і вячэрніх сукенак. Гледачоў таксама забаўлялі спецыяльна запрошаныя артысты і калектывы. У фінале конкурсу жанчыны павінны былі паўстаць у нацыянальным касцюме альбо ў мастацкім уборы, які гаворыць аб іх нацыянальнай прыналежнасці.

Конкурс "Місіс Свет" быў заснаваны ў 1985 годзе, яго праводзілі ў самых розных краінах свету і тры разы запар у Расіі. У наступным годзе гэты прэстыжны агляд пройдзе ў Пекіне. Да ўдзелу запрашаюцца замужнія маладыя жанчыны, перавага аддаецца тым, у каго ёсць дзеці і тым, хто займаецца дабрачыннасцю, актыўна ўдзельнічае ў палітычным і грамадскім жыцці сваіх краін. Па словах прэзідэнта "Місіс Свет" Дэвіда Мармела, галоўная місія конкурсу - прапаганда сямейных каштоўнасцей, ідэалаў міру, дабра і прыгажосці.

Навіны Беларусі (БелТА)