12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўніца Беларусі Святлана Кузняцова перамагла ў міжнародным конкурсе "Місіс Сусвет-2013". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла нацыянальны дырэктар конкурсу "Місіс Сусвет Беларусь" Наталля Трафімава.
Сёлета на прэстыжным міжнародным конкурсе было вырашана вызначыць дзвюх пераможцаў. Адну – па меркаванні публікі і па выніках галасавання, другую – па меркаванні прафесійнага журы, якое штодня старанна ацэньвала ўдзельніц.
"Пасля выступлення ўдзельніц і напружанага чакання журы вынесла свой вердыкт. На яго думку, наша суайчынніца Святлана Кузняцова – "Місіс Сусвет-2013". Прадстаўніца Малайзіі таксама стала "Місіс Сусвет-2013" – па меркаванні публікі і вынікамі галасавання", – сказала Наталля Трафімава.
Святлана Кузняцова – пераможца першага нацыянальнага конкурсу "Міс Беларусь-98". Яна працуе ў сферы адукацыі і фэшн-індустрыі, займаецца дабрачыннасцю. У Святланы багаты досвед удзелу ў міжнародных конкурсах – была фіналісткай "Міс Еўропа-99", удзельніцай "Міс Свет-2000", заваявала тытул "Missis Beauty Millenium International-2012".
Міжнародны конкурс "Місіс Сусвет-2013" сёлета праходзіў на востраве Аруба, размешчаным на поўдні Карыбскага мора недалёка ад Венесуэлы. Фінальнае шоу вырашана было правесці ў канцэртнай зале гатэля, у якім пражывалі ўдзельніцы. На падрыхтоўку да фіналу пайшоў тыдзень. Білеты былі раскуплены загадзя.
"Шоу пачалося з запальнай лацінаамерыканскай самбы, затым – бікіні-шоу, у якім Святлане не было роўных – лепшая фігура, выправа і ўменне трымаць сябе на подыуме! Выхад удзельніц у вячэрніх сукенках уражваў прыгажосцю і бляскам. Вячэрняя сукенка прадстаўніцы Беларусі была цудоўнай. Шлейф нагадваў крылы матылька. Святлана грацыёзна лятала ў ёй па сцэне. Дзякуй маладому беларускаму дызайнеру Юліі Латушкінай", – адзначыла Наталля Трафімава.
Конкурс "Місіс Сусвет" аналагічны шоў "Міс Свет" і "Міс Сусвет". Але яго ўдзельніцы павінны быць замужам і могуць мець дзяцей.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)