Новы год толькі пачаўся, а сітуацыя з пажарамі ўжо дастаткова напружаная. З пачатку года на пажарах у Віцебскай вобласці ўжо загінула 9 чалавек.

Новы год толькі пачаўся, а сітуацыя з пажарамі ўжо дастаткова напружаная. З пачатку года на пажарах у Віцебскай вобласці ўжо загінула 9 чалавек. Пры гэтым усе яны знаходзіліся ў нецвярозым стане. Асноўнай прычынай трагедый становіцца злоўжыванне алкаголем, неасцярожнасць пры курэнні і поўнае ігнараванне элементарных мер уласнай бяспекі.

У мэтах бяспечнага правядзення калядных святаў усімі суб'ектамі прафілактыкі Лепельскага раёна на тэрыторыі ўсіх сельскіх саветаў была актывізавана штодзённая пажарна-прафілактычная работа сярод насельніцтва. У ёй прынялі ўдзел работнікі МНС, прадстаўнікі аховы здароўя, РАУС, сацыяльных і іншых службаў.

На асаблівым уліку ва ўсіх суб'ектаў прафілактыкі тыя дамы, хто па тых ці іншых прычынах патрабуе да сябе пэўнай увагі: сем'і, якія выхоўваюць непаўналетніх, у тым ліку шматдзетныя і прызнаныя ў сацыяльна-небяспечным становішчы; інваліды, адзінокія і самотныя пажылыя людзі, а таксама грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, у тым ліку схільныя да злоўжывання спіртнымі напоямі.

У ходзе рэйдаў ратавальнікі звярталі ўвагу на ўмовы пражывання дзяцей, цікавіліся графікам працы бацькоў з мэтай выключэння магчымасці пакідання малалетніх дзяцей без нагляду. Пры комплексным абследаванні домаўладанняў асаблівая ўвага надавалася стану печанай ацяплення, газавага і электраабсталявання, наяўнасці ў жылых пакоях і спраўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Кожнаму домаўладальніку работнікі МНС нагадалі аб неабходнасці няўхільнага выканання патрабаванняў пажарнай бяспекі, уручалі прафілактычныя памяткі і рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

Адбыліся сустрэчы і са старшынямі сельвыканкамаў. У ходзе гутарак былі пазначаны праблемныя пытанні ў галіне забеспячэння пажарнай бяспекі і шляхі іх вырашэння, важнасць удзелу аглядных камісій у сумеснай працы і ўзаемадзеянні з іншымі суб'ектамі прафілактыкі.

Праведзена інфармацыйна-тлумачальная праца з жыльцамі інтэрнатаў ДКУСП «Лепельская ПМК-75», ЖКГ, дзе ўвага была акцэнтавана на пытанні недапушчальнасці парушэнняў супрацьпажарнага рэжыму, курэння па-за спецыяльна абсталяваных месцаў, неабходнасці ўтрымання ў спраўным стане электраабсталявання і электрапрыбораў, у тым ліку для прыгатавання ежы. У кожным інтэрнаце прысутнічалі службовыя асобы прадпрыемстваў, каменданты, якія падчас рэйду адзначалі і па магчымасці адразу ўстаранялі выяўленыя недахопы.

Таксама работнікамі Лепельскага РАНС і Віцебскага абласнога УМНС праведзены сустрэчы з працоўнымі калектывамі горада Лепеля: Філіял Лепельскі хлебазавод ААТ «Віцебскхлебпрам», Філіял «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт». Асаблівую ўвагу прысутных акцэнтавалі на выкананні правілаў пажарнай бяспекі ў быце і пры выкананні сваіх службовых абавязкаў падчас працоўнай дзейнасці.

Напярэдадні святкавання Каляд Хрыстовых, ратавальнікі наведалі цэрквы і храмы Лепельскага раёна, у якіх праходзяць святочныя службы. Асаблівая ўвага надавалася стану пад'ездаў да аб'ектаў, утрыманню эвакуацыйных шляхоў і выхадаў, наяўнасці і спраўнасці першасных сродкаў пажаратушэння. Са свяшчэннаслужыцелямі праводзіліся гутаркі аб неабходнасці звароту да прыхаджан з мэтай бяспечнага святкавання калядных святаў і выканання супрацьпажарнага рэжыму.

Ратавальнікі настойліва просяць жыхароў раёна прыняць неабходныя меры па прывядзенні ў пажарабяспечны стан сваіх домаўладанняў. Будзьце асцярожныя ў звароце з агнём, не дапускайце курэння ў жылых памяшканнях, выконвайце правілы бяспекі пры эксплуатацыі печаў, ацяпляльнага і электраабсталявання, не пакідайце дзяцей без нагляду. Будзьце пільныя і беражыце Вашы жыцці і Вашу маёмасць!