Першай гераіняй праекта стала галоўны эканаміст ААТ «Лепельаграсэрвіс» Вольга Байдачэнка.

На прадпрыемстве Вольга Мікалаеўна працуе больш за 10 гадоў, на гэтай пасадзе – 3 гады. Нарадзілася тут, тут скончыла школу. Любімым прадметам у яе заўсёды была матэматыка, магія лічбаў яе зачароўвала. І спецыяльнасць яна выбрала з імі звязаную — стала эканамістам, скончыўшы спачатку гандлёва-эканамічны тэхнікум, затым – Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці эканаміст.

Наша гераіня ўжо 19 гадоў замужам. Муж таксама працуе ў сферы сельскай гаспадаркі — дырэктарам ДСГАУ «Лепельская сартавыпрабавальная станцыя».

У сям'і выхоўваецца траіх дзяцей. Старэйшаму Мацвею ўжо 18 гадоў, Дзмітрый вучыцца ў 7 класе гімназіі ім. І.М. Ерашова г. Лепеля, малодшы пойдзе сёлета ў першы клас.

Сям'я пражывае ў кватэры, але вольны час больш праводзяць на дачы ў вёсцы Зорніца, дзе ўсе любяць актыўны адпачынак: пакатацца з горкі. На санках, палюбавацца прыродай.

Ва ўкладзе жыцця Вольгу Мікалаеўну ўсё задавальняе. Яе мужа — таксама. Яны не могуць сабе ўявіць, што павінна здарыцца, каб ім захацелася змяніць месца жыхарства або месца працы. Яны любяць вёску, усведамляюць важнасць працы сельскагаспадарчых работнікаў для краіны і ўсіх яе грамадзян.

— З радасцю і хваляваннем я ўспрыняла навіну аб тым, што Прэзідэнт аб'явіў 2026 год Годам беларускай жанчыны. Гэта асаблівае прызнанне для нас, бо галоўная наша місія — быць маці. Дзеці — гэта не проста радасць, гэта сапраўдны скарб, які напаўняе нашы дні святлом і сэнсам.

У нашай сям'і растуць трое выдатных дзяцей, кожны з якіх атачае мяне любоўю і павагай, робячы маё жыццё сапраўды дзіўным. У нашай краіне жывуць самыя цудоўныя, разумныя і харызматычныя жанчыны, якія з кожным днём натхняюць на новыя здзяйсненні.

Я шчыра ўдзячная Прэзідэнту за тое, што ён прысвяціў гэты цудоўны год беларускам, бо гэта не толькі даніна павагі, але і магчымасць падкрэсліць нашу значнасць у грамадстве, — кажа Вольга Мікалаеўна.