9 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва з'яўляецца сімвалам яднання народаў Беларусі і Расіі. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА лаўрэат гэтай высокай узнагароды на 2009-2010 гады народны архітэктар Расіі, акадэмік архітэктуры Юрый Грыгор'еў падчас сустрэчы з архітэктарамі Віцебска. "Для мяне гэта велізарны гонар і магчымасць унесці свой уклад ва ўмацаванне нашых сяброўскіх сувязяў", - падкрэсліў ён. Падчас жывога абмеркавання фарміравання забудовы Масквы, новых аб'ектаў, якія з'яўляюцца ў расійскай сталіцы, Юрый Грыгор'еў адзначыў значнасць усебаковай адукацыі прадстаўнікоў сваёй прафесіі. "Сёння архітэктар абавязаны ведаць усе сумежныя па сваёй прафесіі вобласці і думаць комплексна, бо ён, па сутнасці, з'яўляецца аўтарам горада, аблічча якога праектуе", - адзначыў Юрый Грыгор'еў. Лаўрэатамі прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва на 2009-2010 гады сталі народны мастак Рэспублікі Беларусь Леанід Шчэмелеў, аўтарскі калектыў у складзе народнага архітэктара Расіі Юрыя Грыгор'ева, скульптараў Беларусі Льва Гумілеўскага і Сяргея Гумілеўскага, скульптараў Расіі Юрыя Арэхава і Рыгора Арэхава, а таксама аўтарскі калектыў у складзе народных мастакоў СССР Аляксея Ткачова і Сяргея Ткачова. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца сёння ўвечары на канцэрце адкрыцця XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Прэмія СД у галіне літаратуры і мастацтва ўручаецца з 2002 года адзін раз у 2 гады. За гэты час яе лаўрэатамі сталі 12 вядомых дзеячаў культуры: акцёры Аляксей Петранка, Расціслаў Янкоўскі, Аляксандр Калягін і Уладзімір Гасцюхін, драматург Аляксей Дудараў, тэатральны рэжысёр Сяргей Арцыбашаў, пісьменнікі Іван Шамякін і Станіслаў Куняеў, мастакі Міхаіл Савіцкі і Валянцін Сідараў, кампазітар Аляксандра Пахмутава і маэстра Міхаіл Фінберг.-0-

БЕЛТА