Ці дастаткова ў краіне фруктаагароднінасховішчаў, каб захаваць ураджай сёлетняга года да наступнага, і ці выдзеляць сродкі на ўзвядзенне суперсучаснага бульбасховішча Талачынскаму кансерваваму заводу? Пра гэта ішла размова ў Талачыне, дзе пабываў Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка.
Талачынскі кансервавы завод – прадпрыемства шматпрофільнае. Вырошчвае бульбу, рапс, збожжа, садавіну, ягады, вырабляе натуральныя сокі, пладовыя і фруктовыя віны, адзінае ў Беларусі вырабляе замарожаную бульбу фры.
– Перспектывы ў нашага прадпрыемства вялікія, але нам трэба знайсці дзесьці грошы на шэсць запланаваных аб'ектаў. Адзін з найбуйнейшых – гэта бульбасховішча на 20 тысяч тон, у якім можна было б забяспечваць тэхналагічную захаванасць сыравіны для вытворчасці бульбы фры. Гэта спецыфічная вытворчасць, дзе трэба вытрымліваць пэўную тэмпературу, вільготнасць і іншыя параметры пры захоўванні, – расказаў дырэктар кансервавага завода Анатоль Анюхоўскі.
Побываўшы ва ўсіх падраздзяленнях прадпрыемства, Прэм'ер-міністр адзначыў добрую дынаміку яго развіцця і важнасць праекта па вытворчасці бульбы фры не толькі для вобласці, але і ў цэлым для краіны. Такая вытворчасць – адзіная ў рэспубліцы. Нават у Расійскай Федэрацыі такіх усяго дзве, але працуюць яны не вельмі стабільна. Адпаведна попыт на прадукцыю вельмі вялікі. Завод экспартуе такую бульбу ў Расію, Кыргызстан, Казахстан.
Але асвойваюць тут новы для сябе від працы зусім нядаўна, пакуль ідзе наладка абсталявання, а тэхналогія дастаткова адчувальная да якасці сыравіны – бульбы.
– Новае сховішча патрэбна, праект добры, але яго трэба крыху збядніць. Думаю, што за месяц мы адпрацуем схему фінансавання, і ў наступным годзе змогуць прыступіць да будаўніцтва. Усё роўна раней за наступны год не пачнуць, таму што трэба правесці экспертызу дакументацыі. Але ўзвядзенне не павінна стаць даўгабудам. Максімум на гэта адводзіцца два гады, але лепш укласціся ў год і тры месяцы, – нацэліў кіраўніцтва прадпрыемства Раман Галоўчанка.
Прэм'ер-міністр таксама звярнуў увагу, што сховішчаў у краіне хапае для таго, каб змясціць увесь сабраны ўраджай. Па гародніне і частцы садавіны, такіх як яблыкі, аб'ём вытворчасці шматкроць перавышае аб'ём спажывання.