У 12-ы раз на "Славянскім базары" адбыўся праект "Шансон ТВ - усе зоркі", і зноў Летні амфітэатр быў поўны, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Вядучыя вечара адразу заклікалі ўсіх танцаваць і дзяліцца фота ў сацыяльных сетках пад спецыяльным хэштэгам. Адной з першых на сцэну выйшла Тамара Гвердцытэлі і падарыла залу прэм'еру песні "Матыў любові". Спявачка падзякавала Віцебску за пастаянна цёплы прыём і прызналася, што для гэтага горада гатова спяваць заўсёды. На гэтыя словы гледачы адказалі працяглымі апладысментамі.
Віцебскай публіцы прадставілі свае музычныя навінкі Міхаіл Бублік, Уладзімір Ждаміраў. Ірыну Круг прыхільнікі задарылі кветкамі, а гурт "Лесапавал" выйшаў у сваім новым складзе.
Самая бурная рэакцыя была на з'яўленне Соса Паўліяшвілі, які першую песню выканаў адзін, а затым запаліў залу разам са сваёй жонкай Ірынай і дачкой Сандрай. Харызматычны грузін не шкадаваў кампліментаў і паветраных пацалункаў.
У амфітэатры таксама выступілі Уладзіслаў Медянік, Кацярына Галіцына, Таццяна Цішынская, Віктар Рыбін, Наталля Сенчукова, Валерый Курас і іншыя зоркі шансону. Артысты выступалі разам з аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Яніса і шоў-балетам "Сэнсацыя".
Канцэртная праграма XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" амаль завершана. Сёння ўвечары ў Летнім амфітэатры адбудзецца заключны рок-канцэрт, дзе выступіць гурт "Кіпелаў".