22 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прэм'ера спектакля "Банкрот" па п'есе Аляксандра Астроўскага "Свае людзі - палічымся" адбудзецца сёння на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурнай часткай тэатра Святлана Дашкевіч. Пастаноўшчыкам спектакля выступіў заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Юрый Пахомаў. З коласаўскім тэатрам ён супрацоўнічае з 1997 года. Пастаўленыя ім спектаклі "Утаймаванне наравістай" У.Шэкспіра, "Чума на абодва вашы дамы" і "Памінальная малітва" Г.Гарына, "Ён. Яна. Акно. Нябожчык" Р.Куні, "Млын" А.Дударава заваявалі шчырую любоў віцебскіх гледачоў. Сцэнаграфіяй і касцюмамі спектакля заняўся мастак з Санкт-Пецярбурга Андрэй Пронін, танцы паставіла вядомы балетмайстар Дыяна Юрчанка. У галоўных ролях п'есы заняты вядучыя артысты тэатра - Вячаслаў Грушоў, Святлана Жукоўская, Георгій Лойка і інш. "Уключыўшы гэту камедыю ў рэпертуар тэатра, мы спадзяёмся, што гісторыя, расказаная рускім класікам, знойдзе водгук у сучаснай глядзельнай зале, бо часы мяняюцца, а праблемы, якія ў ёй падняты, па-ранейшаму актуальныя", - адзначыла Святлана Дашкевіч. Яна таксама звярнула ўвагу на той факт, што прэм'ера спектакля "Банкрот" супала са 150-годдзем з дня першай пастаноўкі п'есы А.Астроўскага на тэатральнай сцэне. Камедыя ў чатырох дзеях "Свае людзі - палічымся" напісана Аляксандрам Астроўскім у 1849 годзе. Велізарны поспех у гледачоў яна мела пасля публікацыі ў 1850 годзе ў літаратурна-мастацкім часопісе "Масквіцянін". Аднак яе пастаноўка на працягу адзінаццаці гадоў знаходзілася пад цэнзурным забаронай. Упершыню яна ўбачыла свет у 1861 годзе на сцэне Малога тэатра ў Маскве.-0-

БЕЛТА