2 кастрычніка, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Прэм'ера спектакля для дарослых "Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў" адбудзецца сёння ў Беларускім тэатры "Лялька", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Пастаноўку па матывах твораў Уладзіміра Караткевіча ажыццявіў мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віктар Клімчук.
Спектакль-фантазія перанясе гледачоў у сярэднявечную Беларусь, у тыя часы, калі па гарадах падарожнічалі музыкі-песняры. Адзін з іх, скрыпач Алесь Бан-Хвірба, нагадваў людзям пра галоўныя жыццёвыя устоі - любоў, гонар, вернасць, самаахвяраванне і самаадданае служэнне роднай зямлі. У спектаклі ёсць і рамантычная лінія - светлая гісторыя кахання Янука і Марты. Пастаноўка напоўнена танцамі, песнямі, элементамі беларускага абрадавага фальклору.
У спектаклі пераважна заняты маладыя акцёры тэатра - Марына Марозава, Сяргей Толкач, Міхаіл Клімчук, Валерый Зімніцкі, Яўген Гусеў і Наталля Гайдук. Ролю музыкі Алеся выконвае Юрый Франкоў.
Сцэнаграфія і праекцыя - Аляксандра Сідарава, інсцэніроўка, лялькі і касцюмы - Ганны Сідаравай, над харэаграфіяй спектакля працавала Дыяна Юрчанка.
Пастаноўка "Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў" завяршае трыпціх спектакляў, пастаўленых Віктарам Клімчуком у "Ляльцы" па матывах твораў Уладзіміра Караткевіча (у рэпертуары віцебскага тэатра казка для дзяцей "Забыты скарб" і пастаноўка для дарослых "Ладдзя роспачы").
"Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў" - першая прэм'ера новага тэатральнага сезона, адкрыццё якога адбылося 29 верасня. У планах пастаноўка яшчэ некалькіх новых спектакляў. Для самых маленькіх рыхтуецца інсцэніроўка казкі шведскага дзіцячага пісьменніка і ілюстратара Свена Нурдквіста "Як Фіндус згубіўся". Рэжысёр - Святлана Бень, якая ўжо мае вопыт працы з трупай "Лялькі". Галоўнай прэм'ерай сезона абяцае стаць спектакль для дарослых па матывах аповесці Антона Чэхава "Чорны манах".
Беларускі тэатр "Лялька" быў утвораны ў Віцебску ў 1985 годзе пры Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа як лялечная трупа. Першы спектакль "Дзед і Жураўль" па п'есе Віталя Вольскага быў сыграны 20 красавіка 1986 года. У 1990 годзе лялечная трупа вылучылася ў самастойны калектыў з асобным будынкам у цэнтры горада.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)