14 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прэм'еры спектакляў пра жыццёвыя нягоды і любоў убачаць віцябляне 14-15 верасня на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурнай часткай тэатра Святлана Дашкевіч. Сёння трупа тэатра прадставіць на суд гледачоў спектакль "Маленькі свет" Алёны Паповай у пастаноўцы Таццяны Седавай. На працягу доўгіх гадоў адзін раз у год чатыры жанчыны Вольга (Ларыса Антонава), Ліза (Галіна Букаціна), Піскунова (Зінаіда Гурбо) і Жанна (Валянціна Багданава) сустракаюцца ў кватэры апошняй, каб дачакацца званка агульнай сяброўкі Соні з Амерыкі. Аднак у гэты раз замест доўгачаканага званка на парозе дома з'яўляецца Артур (Яўгеній Бераснеў, Ягор Дзюн), які ведае пра сябровак усё. Нечаканае знаёмства дазваляе раскрыцца характарам жанчын, яны разумеюць, як мала ведалі адна пра адну. 15 верасня на галоўнай сцэне тэатра пройдзе меладраматычная камедыя "Я чакаю сапраўднага мужчыну" па матывах п'есы Эдварда Радзінскага "Прыемная жанчына з кветкай і вокнамі на поўнач", галоўную ролю ў якой выканала Тамара Кобяк. Рэжысёр спектакля - Юрый Лізенгевіч. Фактычна гэтая гісторыя складаецца з трох навелаў: сустрэчы Аэліты з былым мужам Апокіным (Уладзімір Сівицкі), аферыстам Скамейкіным (Валянцін Цветкаў) і яго суседам па камеры Федзем (Пётр Ламан). Спектакль прысвечаны імкненню жанчыны любіць і быць любімай. Сюжэт спектакля завяршаецца прыгожым фіналам: Аэліта ўсё ж сустракае мужчыну сваёй мары - Прышэльца (Андрэй Качан). Другую палову месяца коласаўцы правядуць у раз'ездах: іх чакаюць абменныя гастролі з беларускімі тэатрамі, адзначыла Святлана Дашкевіч. Так, 20-22 верасня на віцебскай сцэне свае пастаноўкі прадставіць Мінскі абласны драматычны тэатр, а 28-30 верасня - Гомельскі гарадскі моладзевы тэатр. Коласаўцы адпаведна ў гэты ж час у Маладзечне і Гомелі будуць выступаць з прэм'ернымі спектаклямі "Перабор" і "Я чакаю сапраўднага мужчыну".-0-

БЕЛТА