18 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Прэзентацыя гарадскіх бібліятэк пройдзе ў Віцебску ў Дзень горада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама. У Год кнігі бібліятэчная сістэма абласнога цэнтра разгарнула шырокую дзейнасць па прыцягненні чытачоў і ў свята 1038-годдзя Віцебска вырашыла не перапыняць гэту працу, збіраецца выйсці на сустрэчу са сваімі цяперашнімі і патэнцыйнымі чытачамі. У першы дзень гулянняў 23 чэрвеня прылеглыя адзін да аднаго пешаходныя вуліцы абласнога цэнтра стануць адной "Вуліцай ведаў і талентаў". Бібліятэкі горада прадставяць тут стэнды, а таксама раскажуць аб сваёй дзейнасці па арганізацыі вольнага часу чытачоў. На базе трох з іх створаны бібліятэкі-цэнтры: бібліятэка імя І.Крылова - інфармацыйна-дасугавы цэнтр "Залаты ўзрост", дзе праводзіцца работа з пажылымі людзьмі; бібліятэка імя У.Караткевіча вядома сваім краязнаўчым цэнтрам "Са спадчынай продкаў у будучыню"; у бібліятэцы імя Л.Талстога працуе цэнтр экалагічнай асветы. Акрамя таго, пры бібліятэках дзейнічаюць 14 гурткоў і клубаў па інтарэсах. Аднак галоўнай мэтай бібліятэкі лічаць папулярызацыю кнігі, таму да ўдзелу ў сваёй прэзентацыі яны запрасілі пісьменнікаў і паэтаў горада. Тут жа на "Вуліцы ведаў" будзе арганізавана дабрачынная акцыя "Вазьмі кнігу - дапамажы дзіцяці" - па зборы кніг для дзіцячых дамоў і прытулкаў. Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Віцебска аб'ядноўвае 21 бібліятэку, з іх 14 публічных, у тым ліку юнацкая бібліятэка і бібліятэка замежнай літаратуры, 7 дзіцячых бібліятэк, з кніжным фондам больш за 835 тыс. экзэмпляраў. Цэнтральная бібліятэчная сістэма горада абслугоўвае больш за 95 тыс. чытачоў. Дзень нараджэння Віцебска будзе адзначацца з 23 па 25 чэрвеня.-0-

БЕЛТА