Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц адкрылі 28 сакавіка памятны знак ахвярам нацызму "Масіў імёнаў" на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Візіт высокага госця быў прымеркаваны да адкрыцця памятнага знака. "Масіў імёнаў" прысвечаны памяці больш як 10 тыс. аўстрыйскіх грамадзян яўрэйскага паходжання, забітых у Трасценцы ў 1941-1942 гадах.

Аляксандр Лукашэнка і Себасцьян Курц усталявалі запаленыя лампады ля манумента "Брама памяці". Пасля выступлення перад прысутнымі Прэзідэнт Беларусі і федэральны канцлер Аўстрыі пад гукі жалобнай музыкі ўсклалі кветкі да памятнага знака "Масіў імёнаў" і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых.

"Беларусь надае асаблівую ўвагу ўвекавечанню памяці ахвяр нацысцкага тэрору. Стварэнне ў Трасценцы мемарыяла агульнаеўрапейскага значэння - гэта вынік сумеснай працы беларускай дзяржавы, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый, кіраўніцтва і жыхароў гарадоў Еўропы і, вядома ж, сведкаў тых часоў, якія выжылі, і сваякоў загінулых", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, беларускі бок з вялікім энтузіязмам і гатоўнасцю падтрымаў ініцыятыву аўстрыйскіх сяброў, перш за ўсё Прэзідэнта і федэральнага канцлера, усталяваць манумент у памяць аб грамадзянах Аўстрыі, якія загінулі ў лагеры смерці Трасцянец.

"Тут было знішчана больш як 10 тыс. грамадзян Аўстрыі. Жанчыны і дзеці, старыя, маладыя людзі. Іх забівалі проста за этнічнае паходжанне, за вызнанне чужой катавачам рэлігіі, за прыхільнасць да іншай ідэалогіі, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Манумент "Масіў імёнаў", які мы адкрываем сёння, не проста вяртае з небыцця імёны тысяч ахвяр. Ён сімвалізуе імкненне новых пакаленняў ведаць аб трагічным лёсе сваіх продкаў і захоўваць памяць аб іх".

Гэты памятны знак - напамін аб тым, як далёка могуць завесці агрэсія, якая бярэ верх над здаровым сэнсам, непамерныя палітычныя амбіцыі, антынавуковыя і антычалавечыя тэорыі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Няхай гэты каменны сімвал стане вечным напамінам аб тым, што мір сапраўды вельмі далікатны, а чалавечае жыццё бесцаннае. Наш святы абавязак - перадаць памяць аб гэтай вайне нашчадкам, засцерагчы будучыя пакаленні ад паўтарэння фатальных памылак мінулага, зберагчы мір на зямлі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.