Выступленне Прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі А.Г. на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў фармаце відэаканферэнцыі

Паважаны спадар Модзі (прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі. - Заўв. БЕЛТА)!

Паважаныя сябры!

Дазвольце ад імя беларускага народа прывітаць удзельнікаў Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Спадзяюся, што наступнае пасяджэнне мы зможам правесці ў вочным фармаце. Здаецца, і пандэмія скончылася.

Перакананы, з прыходам у ШАС такой магутнай дзяржавы з найбагацейшай гісторыяй і культурай, як Ісламская Рэспубліка Іран, і новых партнёраў па дыялогу - Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Кувейта, М'янмы, Мальдыўскай Рэспублікі - мы станем яшчэ больш згуртаванымі і эфектыўнымі.

Упэўнены, пры падтрымцы ўсіх краін-членаў Беларусь у бліжэйшы час таксама далучыцца ў якасці паўнапраўнага ўдзельніка да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Мы адпаведную працу правялі і ўдзячныя тым, хто нас у гэтым падтрымлівае.

Тэма нашага саміту - "На шляху да бяспечнай ШАС". Яна надзвычай актуальная ва ўмовах паглыблення крызісу міжнародных адносін.

Трэба прызнаць, ранейшая сістэма бяспекі не была ідэальнай, але тым не менш прадугледжвала механізмы стрымання і проціваг, абавязковасць выканання норм міжнароднага права.

Сёння ж мы бачым поўны злам усіх правілаў і паняццяў. Таму невыпадкова, што ШАС вымушана яшчэ больш сфакусавацца не на пытаннях эканомікі, а на праблемах бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне.

Цвёрда адстойваючы прынцыпы пабудовы справядлівага свету для ўсіх без выключэння дзяржаў, Мінск на розных міжнародных пляцоўках пастаянна праводзіць працу па пошуку кампрамісных рашэнняў і выхадаў.

Карыстаючыся магчымасцю, хацеў бы закрануць шэраг актуальных напрамкаў нашага ўзаемадзеяння.

Першае. Усё больш надзённымі з'яўляюцца для краін - удзельніц арганізацыі такія выклікі і пагрозы, як дэструктыўныя кібератакі, крадзеж лічбавых даных, мэтанакіраванае распаўсюджванне фэйкаў у інфармацыйнай прасторы. Пра гэта ўжо гаварылі тыя, хто выступаў.

Гатовы да супрацоўніцтва па гэтым напрамку, уключаючы навучанне спецыялістаў, рэалізацыю сумеснымі праектамі па кібервучэннях, узаемны абмен тэхнічнымі рашэннямі.