29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 снежня разгледзеў кадравыя пытанні. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Кіраўнік дзяржавы прызначыў: Мясніковіча Міхаіла Уладзіміравіча – прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь (з наступным узгадненнем Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь); Сямашку Уладзіміра Ільіча – першым намеснікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь; Калініна Анатоля Мікалаевіча – намеснікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь; Румаса Сяргея Мікалаевіча – намеснікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь; Іванова Валерыя Мікалаевіча – намеснікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь; Тозіка Анатоля Апанасавіча – намеснікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь; Радзькова Аляксандра Міхайлавіча – першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; Кобякава Андрэя Уладзіміравіча – намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; Якабсона Аляксандра Серафімавіча – старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь; Анфімава Леаніда Васільевіча – першым намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю; Давыдзьку Генадзя Браніслававіча – старшынёй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, урад павінен быць сфарміраваны да новага года, каб ужо з 1 студзеня пачаць працу ў новым складзе. Звяртаючыся да прызначанага кіраўніцтва Савета Міністраў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Урад павінен стаць калегіяльным органам. Ураду не трэба вісець над міністрамі і іх "трасці". Трэба пераносіць усю адказнасць на міністраў, на кіраўнікоў прадпрыемстваў, губернатараў, аж да старшыні райвыканкама. Урад павінен займацца сваімі пытаннямі. Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч якраз вельмі гнуткі ў гэтым плане чалавек, і ён зможа арганізаваць працу ўрада калегіяльна". Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў, што ў Міхаіла Мясніковіча назапашаны вялікі вопыт работы на розных кіраўнічых пасадах. Акрамя таго, адным з галоўных прыярытэтаў наступнай пяцігодкі вызначана інавацыйнае развіццё, а новы прэм'ер-міністр актыўна займаўся гэтай тэмай на папярэднім месцы працы.