Пра гэту дзяўчынку наша газета распавядала ўжо не раз. Пераможца 17-га Міжнароднага конкурсу дзіцячай, юнацкай аматарскай і прафесійнай творчасці «Ружа вятроў—2011» у Маскве, Гран-пры 3-га адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Новыя імёны.

  Пра гэту дзяўчынку наша газета распавядала ўжо не раз. Пераможца 17-га Міжнароднага конкурсу дзіцячай, юнацкай аматарскай і прафесійнай творчасці «Ружа вятроў—2011» у Маскве, Гран-пры 3-га адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Новыя імёны. Юніёр», удзельніца галоўнай елкі краіны ў Палацы Рэспублікі… Юная спявачка Яна Стрэльчанка сваімі дасягненнямі зноў і зноў прыцягвае да сябе ўвагу. Сёлета яна стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

  Ва ўсё адзінаццацігадовай Яны, вучаніцы 6 «А» класа СШ № 3, распісаны кожны дзень. З панядзелка па суботу ў яе заняткі ў Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў на двух аддзяленнях -- харэаграфічным і музычным. Харэаграфію ёй выкладае Святлана Шэстала, а вакалу і ігры на фартэпіяна вучыць Таццяна Ермаловіч, у якой дзяўчынка займаецца з чатырох гадоў. Ездзіць педагог са сваёй выхаванкай на ўсе канцэрты, хвалюецца, стаіць за кулісамі. Падтрымлівае дачку на выступленнях і маці Святлана.

  Адна з апошніх перамог Яны -- другое месца ў намінацыі «Эстрадны вакал» на міжнародным фестывалі дзіцячай і моладзевай творчасці «Вясёлка над Віцебскам», прысвечаным яднанню нацыянальных культур. Лаўрэатам першай ступені сёлета лепельчанка стала на міжнародным фестывалі сучаснага мастацтва «Avanti». У фінальную дзясятку ўдзельнікаў ад Беларусі трапіла Яна на дзіцячым конкурсе «Славянскі базар».

  Усе адборачныя туры ў канцы 2012-га года прайшла юная спявачка на II рэспубліканскім творчым радыёконкурсе «Маладыя таленты Беларусі», арганізатарам якога з'яўляецца Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. Трэцяе месца на ім і адкрыла перад Янай магчымасць сёння быць уключанай у спіс прэзідэнцкіх стыпендыятаў. Па рэспубліцы ў яе ўзроставай групе – першай – такіх дзяцей было адабрана ўсяго пяць.

  Дарэчы, спевы – не адзінае захапленне Яны. Ёй цікава многае – ад навінак Кнігі рэкордаў Гінеса да матэматычных раўнанняў. Яна шмат чытае, нават сама піша раман пра школьную любоў.
 
Кацярына ОСАЎСКАЯ