7 лютага, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Пры адсутнасці росту прадукцыйнасці працы кіраўнікі прадпрыемстваў і дзяржорганаў у Беларусі не будуць атрымліваць прэміі, заявіў сёння на пасяджэнні Саўміна прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Прапаную запісаць наша рашэнне: пры адсутнасці росту прадукцыйнасці працы прэміі і бонусы кіраўніцтву прадпрыемстваў, а таксама дзяржорганаў не выплачваюцца ні пры якіх умовах", - сказаў прэм'ер-міністр. Ён нагадаў, што адной з галоўных задач, пастаўленых на бягучы год, з'яўляецца рост даходаў насельніцтва. Урад павінен забяспечыць яе выкананне на якаснай аснове за кошт стварэння новых і мадэрнізацыі дзеючых працоўных месцаў і толькі ў найжорсткішай сувязцы з прадукцыйнасцю працы. Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што ў бягучым годзе ў Беларусі павінна быць адноўлена пакупніцкая здольнасць насельніцтва, рэзка скароціцца інфляцыя. Базавыя ўмовы для гэтага - эфектыўная манетарная і валютная палітыка. "Грашовая маса павінна адпавядаць створанаму валавому прадукту, а валютны курс вызначацца попытам і прапановай, - падкрэсліў ён. - Гэтыя прынцыпы ў 2012 годзе і далей будуць няўхільна рэалізоўвацца. Усякае пажаданне атрымаць на працягу года нешта, звыш прадугледжанага і ўзгодненага, выключаецца". Для мадэрнізацыі эканомікі патрэбны рэсурсы і капітал, адзначыў прэм'ер-міністр. "Унутры краіны грошай мала і яны абектыўна дарагія. Мы падлічылі: пры мінімальнай патрэбнасці інвестыцый у 2012 годзе ў $15 млрд. наша банкаўская сістэма здольная забяспечыць не больш за траціну і пад вялікія працэнты, - канстатаваў ён. - Уласных крыніц у прадпрыемстваў і ў бюджэце таксама не хапае. Іх сукупны аб'ём на інвестыцыйныя мэты ацэньваецца па годзе ў $8 млрд.". Знешнія запазычанні створаць праблемы ў наступныя гады, таму найважнейшай задачай з'яўляецца прыцягненне ў Беларусь прамых замежных інвестыцый.-0-

БЕЛТА