1 лютага, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый ад 23 жніўня 2010 года консульскія ўстановы пачынаюць прыём дакументаў на выдачу дазволаў з 1 лютага. Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску гатова да прыёму дакументаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік консульства Латвіі ў Віцебску Дагнія Лацэ-Атэ. У консульства паступілі спісы жыхароў памежных тэрыторый Віцебскай вобласці, якія пажадалі скарыстацца магчымасцю мясцовага памежнага руху. Спісы сфарміраваны мясцовымі сельскімі, пасялковымі і гарадскімі выканкамамі на падставе заяў грамадзян. З беларускага боку ў іх увайшло каля 200 чалавек. Як адзначыла Дагнія Лацэ-Атэ, гэтыя пералікі не канчатковыя. Грамадзяне могуць падаваць заявы па меры неабходнасці, і кожныя тры месяцы спісы будуць абнаўляцца. Наступны будзе сфарміраваны да 1 красавіка, а прыём заяў на выдачу дазволаў ужо па абноўленых спісах консульства пачне з 1 мая. Падставай для выдачы дазволу могуць служыць наведванне сваякоў, арганізацыя або ўдзел у культурных, адукацыйных, навуковых і спартыўных мерапрыемствах, якія праводзяцца органамі ўлады і ўстановамі Беларусі і Латвіі, валоданне нерухомасцю, наведванне месцаў пахавання сваякоў, атрыманне медыцынскай дапамогі, удзел у мерапрыемствах, звязаных з мясцовымі традыцыямі і правядзеннем рэлігійных абрадаў, рэгулярныя бізнес-кантакты. Для атрымання дазволу неабходна прадставіць у консульства пашпарт, патрабаванні да яго такія ж, як і пры выдачы віз: ён павінен быць не старэйшы за дзесяць гадоў, быць сапраўдным не менш чым тры месяцы пасля заканчэння тэрміну дзеяння дазволу, і анкету на атрыманне дазволу. Яе можна запоўніць непасрэдна ў консульстве, а можна надрукаваць з сайта http://www.mfa.gov.lv/by/belarus/konsulate/ і прадставіць ужо запоўненую.