22 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прыёмка школ у Віцебскай вобласці будзе цалкам завершана да 25 жніўня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. З улікам праведзенай аптымізацыі і рэарганізацыі школьнай сеткі ў Віцебскай вобласці ў новым навучальным годзе будзе функцыянаваць 426 устаноў дашкольнай адукацыі, 546 устаноў агульнай адукацыі (у тым ліку 228 школ-садоў), 34 установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 26 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 32 установы спецыяльнай адукацыі, 36 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 25 сацыяльна-педагагічных устаноў. Па стане на 20 жніўня да надыходзячага навучальнага года з 534 школ прыняты 98,5%. На стадыі завяршэння работы на некалькіх аб'ектах Глыбоцкага, Лепельскага і Аршанскага раёнаў. Усе ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі рэгіёну ўжо прыняты. У ходзе падрыхтоўкі навучальных устаноў адрамантавана 23 тыс. кв. м даху, амаль 2,7 тыс. паг. м інжынерных сетак, 884 паг. м цеплатрас, заменена 3,7 тыс. кв. м аконных блокаў на шклопакеты, заменена каля 3 тыс. штук свяцілень на энергазберагальныя. Усяго выканана рамонтных работ на Br36,1 млрд. Да падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі прыцягваліся педагагічныя калектывы і тэхнічныя работнікі, адзначыў Іван Шчурок. Гэта дазволіла ўласнымі сіламі адрамантаваць усе навучальныя кабінеты. Неабходныя для гэтага матэрыялы набываліся за кошт прыцягнення спонсарскай дапамогі і грашовых сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці. За студзень-ліпень ад базавых шэфствуючых прадпрыемстваў, апекунскіх саветаў, спонсараў на развіццё ўстаноў адукацыі накіравана Br4,9 млрд. За кошт розных крыніц фінансавання набыта 166 адзінак тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, 218 адзінак мэблі для харчаблокаў, 2,7 тыс. адзінак вучнёўскай мэблі, 1,3 тыс. адзінак спартыўнага інвентару. Усяго на іх набыццё затрачана Br1,9 млрд. На выкананне асноўных супрацьпажарных мерапрыемстваў у навучальных установах вобласці сёлета зрасходавана Br1,3 млрд. На працягу жніўня органамі дзяржпажнагляду праводзіцца абследаванне аб'ектаў адукацыі з практычнай адпрацоўкай планаў эвакуацыі на выпадак узнікнення пажару, інструктажы персаналу аб мерах пажарнай бяспекі.-0-

БЕЛТА