11 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Навінкі тэхнікі і тэхналогій у тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці будуць прадстаўлены на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі 16 лістапада ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на кафедры прадзення натуральных і хімічных валокнаў універсітэта.
У гэтым годзе адной з асноўных тэм для навуковых дыскусій стане прымяненне нанатэхналогій у тэкстыльнай прамысловасці. Так, супрацоўнікі Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта ўпершыню прадставяць гатовыя да ўкаранення ў вытворчасць распрацоўкі спецыяльных тэкстыльных матэрыялаў з нанапакрыццямі з металаў. Акрамя таго, у асобныя навуковыя секцыі выдзелены працы па напрамках "хімія, хімічная тэхналогія і экалагічныя праблемы ў вытворчасці" і "рэсурса- і энергазберагальныя тэхналогіі ў машынабудаванні, лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці".
Цікавасць да традыцыйнага навуковага форуму праявілі прадстаўнікі навукова-даследчых цэнтраў, ВНУ і прадпрыемстваў-распрацоўшчыкаў абсталявання для галіны з Беларусі, Расіі, Украіны і Германіі, а таксама спецыялісты айчынных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць тэхнічныя навінкі, перспектыўныя тэхналогіі і напрамкі развіцця вытворчасці нітак, тканін і трыкатажу, дызайну адзення і абутку. Фармат мерапрыемства дазваляе спецыялістам абмяняцца напрацоўкамі ў галіне стварэння абсталявання для лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці.
Арганізатарам навукова-практычнай канферэнцыі выступае Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.-0-
БЕЛТА
Прымяненне нанатэхналогій у тэкстыльнай прамысловасці абмяркуюць на канферэнцыі ў Віцебску
11.11.20110 праглядаў