1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прынята рашэнне аб выдзяленні Беларусі чарговага, трэцяга, транша крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, і пачынаюцца перамовы аб выдзяленні чацвёртага транша. Пра гэта паведаміў 31 мая Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін журналістам па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Мы з задавальненнем канстатавалі, што гэта мэтазгодна і магчыма рабіць, улічваючы пазітыўную дынаміку, якую набірае беларуская эканоміка. І аб'ёмы таваразвароту таксама пра гэта гавораць. У гэтым годзе рост таваразвароту амаль 30% - гэта сур'ёзны паказчык", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін. На яго думку, гэта сведчыць аб тым, што інтэграцыйныя працэсы, якія набіраюць тэмп паміж трыма дзяржавамі - Расіяй, Беларуссю, Казахстанам, даюць аб сабе ведаць у самым пазітыўным ключы. "Мы зноў пацвердзілі, што стратэгія супрацоўніцтва была выбрана абсалютна правільна, і ўмовіліся не зніжаць тэмп у пераходзе да якасна новай ступені інтэграцыі - Еўразійскага эканамічнага саюза", - падкрэсліў Прэзідэнт Расіі. Ён таксама адзначыў, што сур'ёзная аддача чакаецца ад рэалізацыі сумесных праектаў у сферы энергетыкі, машынабудавання і перадавых тэхналогій. Паводле яго слоў, у гэтым кантэксце асаблівае значэнне мае праект па будаўніцтве Беларускай АЭС, які мае ўсе шансы стаць найбуйнейшым і найсучаснейшым праектам у гісторыі двухбаковых адносін.-0-

БЕЛТА