26 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вучоныя і эканамісты з шасці краін возьмуць удзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Сацыяльна-эканамічнае развіццё арганізацый і рэгіёнаў Беларусі: мэты, прыярытэты, механізмы структурных пераўтварэнняў", якая пройдзе 27-28 кастрычніка ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў дэканаце эканамічнага факультэта ўніверсітэта. Цікавасць да навуковага форуму выказалі каля 200 спецыялістаў з 35 вядучых навукова-даследчых цэнтраў і вышэйшых навучальных устаноў Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Узбекістана і Беларусі. На канферэнцыі будуць прадстаўлены даследаванні і навуковыя распрацоўкі супрацоўнікаў Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.Ламаносава, Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя В.Гецьмана, Рыжскага тэхнічнага ўніверсітэта, Акадэміі нацыянальнай абароны (Польшча), НДЭІ Міністэрства эканомікі Беларусі, а таксама БДУ, БДТУ, БДЭУ і іншых ВНУ. Традыцыйная эканамічная канферэнцыя сёлета прысвечана разгляду мэт, прыярытэтаў і механізмаў структурных пераўтварэнняў у эканоміцы, што дазволіць садзейнічаць выпрацоўцы эфектыўных інструментаў для пераадолення няпростай сітуацыі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі. Прадстаўнікі навуковай грамадскасці плануюць абмеркаваць стратэгічныя пытанні навукова-тэхналагічнага і інавацыйнага развіцця, а таксама звязаныя з гэтым новыя мадэлі рэгулявання. Спецыялісты разгледзяць пытанні знешнегандлёвай дзейнасці ў кантэксце агульнасусветных тэндэнцый, прааналізуюць асаблівасці і наступствы сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу для краін, рэгіёнаў і прадпрыемстваў і звязаныя з гэтым пытанні мадэрнізацыі нацыянальных эканомік. Даклады ўдзельнікаў навуковага форуму будуць прысвечаны інавацыйнаму развіццю арганізацый і інвестыцыйнай падтрымцы інавацый, рэгіянальнай эканамічнай палітыцы і міжрэгіянальнай кааперацыі, павышэнню канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў і рэгіёнаў у новых умовах.