27 ліпеня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Прырост ВУП Беларусі ў 2010 годзе будзе забяспечаны не ніжэйшы за 11%. Пра гэта заявіў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Дасягненне неабходных тэмпаў росту па галінах, якія фарміруюць ВУП, рэалізацыя ў поўным аб'ёме прынятых урадам рашэнняў сістэмнага характару, у тым ліку праграмных прадуктаў, якія прымалі галіны, дазволяць забяспечыць у 2010 годзе тэмп росту ВУП не ніжэйшы за 111% і выкананне параметраў прагнозу на 2010 год", - сказаў міністр. Пры гэтым будуць выкананы паказчыкі пяцігадовай праграмы, за выключэннем імпарту тавараў і паслуг, долі замежных інвестыцый у агульным аб'ёме інвестыцый, дынамікі сярэднегадавой колькасці пастаяннага насельніцтва. На думку Мікалая Снапкова, для выканання пастаўленых задач, паспяховага завяршэння года і пяцігодкі ў цэлым неабходна забяспечыць выкананне ўстаноўленых заданняў па росце зарплаты, перш за ўсё за кошт зніжэння затрат у рэальным сектары эканомікі, прыцягнуць інвестыцыйныя рэсурсы ў запланаваных аб'ёмах і эфектыўна іх выкарыстоўваць. Акрамя гэтага, неабходна забяспечыць зніжэнне матэрыялаёмістасці як у цэлым па краіне, так і ў ключавых галінах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва. Па словах міністра, трэба таксама забяспечыць выкананне заданняў пакрокавай стратэгіі па сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, палепшыць фінансавы стан прадпрыемстваў, перш за ўсё за кошт ліквідацыі знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці.

БЕЛТА