Супрацоўнікі Лепельскага РАНС «разгарнулі» Пост бяспекі ў гандлёвых кропках. Пра што гутарылі ратавальнікі з жыхарамі нашага раёна?
З мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей на іх работнікі Лепельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях арганізавалі работу інфармацыйна-пазнавальных пляцовак пад назвай «Пост Бяспекі» ў харчовых крамах.
Прадстаўнікі службы выратавання нагадалі грамадзянам аб важнасці выканання правілаў пажарнай бяспекі, асабліва ў халодную пару года, калі павялічваецца рызыка ўзнікнення пажараў з-за няправільнага ацяплення. Растлумачылі, як правільна выкарыстоўваць ацяпляльныя прыборы, якія меры засцярогі неабходна выконваць пры эксплуатацыі печаў і камінаў, а таксама як пазбегнуць перагрэву электраправодкі.
– Пры выкарыстанні печавага ацяплення неабходна пераканацца, што печ знаходзіцца ў пажарабяспечным стане: перад дзверцамі топкавага адсека на падлозе прыбіты прадтопавы ліст памерам не менш за 50х70 см, няма скразных расколін, на гарышчы коміны атынкаваны і абелены. Час топкі печы не павінен перавышаць трох гадзін, – звярнулі ўвагу ратавальнікі.
Акрамя гэтага, асаблівую ўвагу работнікі МНС удзялілі ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Яны расказалі аб тым, як гэты просты і даступны прыбор можа выратаваць жыцці і маёмасць. Падкрэслілі важнасць рэгулярнай праверкі спраўнасці апавяшчальнікаў і іх замены па меры неабходнасці.
– Падобныя мерапрыемствы спрыяюць павышэнню ўзроўню дасведчанасці насельніцтва аб правілах бяспекі. Гэта важны крок да стварэння больш бяспечнага асяроддзя для ўсіх жыхароў нашага раёна, – падкрэслілі работнікі раённага аддзела па НС.