Снег — белы, пушысты, рассыпчаты… Дзе ўзяць яго ў такое «красавіцкае» надвор’е? Вядома ж, тут
Снег — белы, пушысты, рассыпчаты… Дзе ўзяць яго ў такое «красавіцкае» надвор’е? Вядома ж, тут. Калі па ўсёй краіне белага покрыва не днём з агнём не сыскаць, на лыжаролернай трасе ва ўрочышчы Вараб’ёвы горы каля Гарадка — снежна, як і ў спорткомплексах «Раўбічы», «Лагойск», «Сілічы».
У канцы студзеня, вярнуўшыся са спаборніцтваў са Швейцарыі, стан і гатоўнасць трасы ацаніў трэнер каманды Віцебскай вобласці па лыжных гонках Юрый Абросімаў.
— База падрыхтоўкі рэгіянальных і нацыянальных каманд у Гарадку мае магутныя снегенератары, або снежныя гарматы, яны «страляюць» пры мінімальнай мінусавай тэмпературы і за суткі могуць укрыць снежным покрывам усю трасу. Сёлета атрымала новы ратрак — машыну для нарэзкі лыжні. Нават цяперашняя «нулявая» зіма, якой ахрысцілі яе сіноптыкі, не змагла перашкодзіць правядзенню трэніровак,— кажа Юрый Фёдаравіч.
Паўтара кіламетра штучнага снегу на трасе «настралялі» ў студзені, дождж і плюсавая тэмпература ўжо «з’елі» амаль кіламетр, таму спартсмены пакуль трэніруюцца на пяцістах снегавых метрах.
Сёлета тут паспелі правесці спаборніцтвы прадстаўнікі ваенных і сілавых структур: Цэнтр утылізацыі боепрыпасаў і авіяцыйных сродкаў паражэння, Дэпартамент аховы і Упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама. Запланаваны лыжныя спаборніцтвы Упраўлення Следчага камітэта вобласці і сілавых структур МУС.
Трэнер па біятлоне абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту Андрэй Алікін, які праводзіць у «Вераб’іных гарах» зборы з рабятамі, адзначае:
— У сярэдзіне лютага плануецца правесці на гэтым спартыўным аб'екце юнацкі этап Кубка Беларускай федэрацыі па біятлоне, сярод удзельнікаў 2000–2008 гадоў нараджэння. Каманда нашай вобласці два гады запар выйгравала гэтыя знакавыя спаборніцтвы. Тут абсталявана стрэльбішча, якое адпавядае міжнародным стандартам і правілам. Сёлета дадаткова набылі ўстаноўкі з мішэнямі.
Вераб’іныя горы — маленькая «Фінляндыя» — так з захапленнем называюць іх лыжнікі, ацаніўшы нерукатворную прыгажосць прыроды і складанасць трасы. Пракладзеная ў лясным масіве, якая пятляе па пагорках сярод дрэў, яна дазваляе спартсменам адпрацоўваць найвышэйшы пілатаж, атрымліваць выдатную загартоўку. Унікальны прыродны рэльеф нібы створаны для зімовых відаў спорту. Улетку траса дазваляе трэніравацца на лыжаролерах.
Як расказаў начальнік базы падрыхтоўкі рэгіянальных і нацыянальных каманд у Гарадку Павел Межуеў, працягласць яе колаў складае 7,5 кіламетра, 5 кіламетраў, 3 кіламетры, 2,5 кіламетра, 1,5 кіламетра, але дзякуючы прадуманай сістэме развязак адлегласць лёгка змяніць. Шырыня палатна — 7 метраў — самая вялікая сярод шырыні палотнаў беларускіх лыжных трас. Колькасць уздымаў і спускаў вар'іруецца на розных дыстанцыях, найбольшы перапад вышынь — 28 метраў. Праходжанне трасы з'яўляецца нялёгкім выпрабаваннем нават для прафесіяналаў, нездарма яна атрымала высокую ацэнку Міжнароднага саюза біятланістаў, які прызнаў яе еўрапейскі ўзровень.
Вiдавочна, трэба яшчэ шмат папрацаваць, каб прывесці комплекс у Вараб'ёвых гарах у адпаведнасць з правіламі міжнародных спартыўных федэрацый. Каб атрымаць ліцэнзію і прымаць у Гарадку найбуйнейшыя сусветныя спаборніцтвы, акрамя лыжаролернай трасы патрэбна развітая інфраструктура.
Хаця знакамітыя спартсмены з суседніх краін ужо станоўча ацанілі створаныя тут умовы і ахвотна едуць трэніравацца на поўнач Беларусі. Нават размясціць усіх жадаючых часам бывае праблематычна. Каманды размяшчаюць у гасцініцы «Спартгарадок», побач з якой пабудаваны басейн — ім спартсмены могуць карыстацца для аднаўлення і разгрузкі пасля трэніровак. Размяшчаюць лыжнікаў і біятланістаў і ў камфортных інтэрнатах Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. На зборы прыязджаюць каманды з Санкт-Пецярбурга, Масквы, Мурманска, Новасібірска і нават з Камчаткі, трэніравалася жаночая зборная па лыжных гонках Польшчы. Графік прыезду і ад'езду спартсменаў, прыбыцця новых груп распісаны на паўгода наперад.