7 кастрычніка, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Прамыя замежныя інвестыцыі ў эканоміку Беларусі ў 2010 годзе, як мяркуецца, складуць $5 млрд. Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцый Міністэрства эканомікі Беларусі Сяргей Трафімовіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аб'ём прамых замежных інвестыцый за 9 месяцаў складзе не менш за $3,5 млрд. За студзень-чэрвень бягучага года ў эканоміку Беларусі паступіла больш за $4,4 млрд. замежных інвестыцый, што на 4,4% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. З іх прамых замежных інвестыцый прыцягнута на суму $2,6 млрд. - гэта на 7,2% перавышае аб'ём за студзень-чэрвень 2009 года. Найбольшы аб'ём замежных інвестыцый прыцягнуты ў транспартную сферу - $2,2 млрд. (50,7% ад агульнага аб'ёму замежных інвестыцый), у прамысловасць - больш за $1 млрд. (23,2%), гандаль і грамадскае харчаванне - $689,5 млн. (15,6%). Пры гэтым звыш $3,1 млрд. замежных інвестыцый прыпадае на Расію. На працягу 4 гадоў пяцігодкі тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал склаў у Беларусі 198,6% пры зацверджаным Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады 198-215%. З улікам прагназуемага выканання інвестыцый у бягучым годзе тэмп росту за 5 гадоў чакаецца вышэй за ўсталяваны праграмай. У адпаведнасці з пастановай урада ад 10 лютага бягучага года №169 "Аб інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2010 годзе" органамі дзяржаўнага кіравання ажыццяўляецца рэалізацыя 542 інвестыцыйных праектаў з аб'ёмам прыцягнення каля $5 млрд. замежных інвестыцый. Стварэнне ўмоў для павелічэння прытоку прамых замежных інвестыцый з'яўляецца прыярытэтам на бліжэйшыя гады. У цяперашні час адпрацоўваюцца новыя формы работы з інвестарамі: заключэнне інвестыцыйных дагавораў і прыцягненне інвестыцыйных агентаў.