14 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прабегчыся босым, зыграць на валынцы, а потым праспяваць з вялікім хорам можна будзе на юбілейным, 45-м па ліку міжнародным свяце традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы-2012". Напярэдадні адкрыцця свята пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела культуры Браслаўскага райвыканкама Галіна Караткова.
Арганізатары пастараліся зрабіць так, каб і дзецям, і дарослым на гэтым свяце знайшлося занятак па душы, каб кожны пасля яго завяршэння ўнёс у сваім сэрцы часцінку браслаўскай гасціннасці і любові да нацыянальнай культуры і традыцый. "Браслаўскія зарніцы-2012" пройдуць на працягу трох дзён - з 15 па 17 чэрвеня. Цэнтральнай падзеяй першага дня свята стане праца творчай лабараторыі "Этнамузычная скарбонка Браслаўшчыны". Кожны ахвотны зможа наведаць майстар-клас па ігры на этнічных цымбалах і беларускай дудзе - валынцы. Другі дзень "Зарніц" адзначыцца сустрэчамі з мясцовымі літаратарамі і тэатралізаваным святам "Народнае слова роднага краю", прымеркаванымі да Года кнігі. У гэты ж дзень пройдзе харавая асамблея, якая збярэ каля 300 чалавек - хоры з Беларусі, Расіі і Украіны.
А вось вечарам усіх гасцей свята чакае ўдзел у аўтэнтычных абрадах Браслаўшчыны. Далейшае знаёмства з мясцовымі традыцыямі працягнецца не зусім звычайна - забегам босым. Аказваецца, спаборніцтвы бегуноў здаўна існавалі ў беларусаў. Вось менавіта іх і паспрабуюць узнавіць на "Браслаўскіх зарніцах". Апафеозам свята традыцыйнай культуры стане заключны дзень, калі хор з амаль паўтысячы чалавек выканае нефармальны гімн Браслаўшчыны - песню мясцовых аўтараў "Браслаўскі край".
Гэта далёка не поўны пералік мерапрыемстваў. Гасцей чакаюць таксама "Водная феерыя" на возеры Дрывяты і эстрадны канцэрт на гарадскім стадыёне, круглы стол з кіраўнікамі дэлегацый і калектываў. Адбудзецца дзіцячы пленэр "Падарожжа па сцяжынках творчасці з "Чарунем Браслаўскім", адкрыецца мемарыяльная дошка Отану Гедэману - польска-беларускаму гісторыку, краязнаўцу, педагогу. Чакаецца, што ўдзел у свяце возьмуць прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Венесуэлы, Азербайджана і Эстоніі. Плануецца ўдзел і дэлегацыі з Турцыі.
Як адзначыла Галіна Караткова, у дні свята насельніцтва Браслава павялічваецца ўдвая і не толькі за кошт удзельнікаў, але і за кошт шматлікіх турыстаў.-0-
БЕЛТА
Прабегчыся басанож, зыграць на валынцы і праспяваць з вялікім хорам можна будзе на "Браслаўскіх зарніцах"
14.6.20120 праглядаў