19 сакавіка, Наваполацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон не выключае, што грамадзянам, якія заключылі дагаворы на жыллёвае будаўніцтва з дзяржпадтрымкай, але страцілі гэта права ў сувязі з уступленнем у сілу ўказа №13, будуць прадастаўлены некаторыя прэферэнцыі. Пра гэта Аляксандр Якабсон сёння паведаміў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. У цяперашні час урад выпрацоўвае сістэму мер па вырашэнні праблем грамадзян, якія будавалі жыллё па льготных крэдытах, сказаў старшыня КДК. "Рыхтуецца рашэнне аб тым, каб па раней заключаных дагаворах былі рэалізаваны ўсе тыя ўмовы, на якіх яны былі заключаны", - растлумачыў А. Якабсон. Ён таксама паведаміў, што ў пачатку красавіка кіраўніку дзяржавы будзе прадстаўлена на разгляд канцэпцыя жыллёвага будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю правёў сёння прамую лінію з жыхарамі Наваполацка. З 10 тэлефонных званкоў, якія паступілі на прамую лінію, 3 датычыліся жыллёвага будаўніцтва. -0-

БЕЛТА