2 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Сучасныя праблемы ветэрынарнай медыцыны і заатэхніі" пройдзе ў Віцебску 4-5 лістапада. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прарэктар па навуковай рабоце Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт Аляксандр Субоцін. Інтарэс да навуковага форуму, які прысвечаны 250-годдзю ветэрынарнай адукацыі, праявілі каля 200 вучоных і спецыялістаў навукова-даследчых цэнтраў, а таксама ветэрынарных ВНУ з Расіі, Украіны, Казахстана, Літвы, Латвіі, Ізраіля і Швецыі. Найбольш прадстаўнічай дэлегацыяй на канферэнцыі разам з беларускімі ўдзельнікамі будзе расійская каманда, у якую ўвойдуць супрацоўнікі арганізацый амаль з 20 рэгіёнаў ад Прымор'я да самых заходніх абласцей Расіі. У цэнтры ўвагі спецыялістаў будуць пытанні развіцця прамысловай жывёлагадоўлі, стварэння і ўкаранення сучасных тэхналогій у ветэрынарыі, а таксама тэхналагічнага суправаджэння вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Асноўнай мэтай канферэнцыі з'яўляецца каардынацыя навучальнай і навукова-даследчай дзейнасці арганізацый для вырашэння агульных задач, якія стаяць перад ветэрынарнай навукай і адукацыяй, а таксама абмен вопытам, пашырэнне супрацоўніцтва ў рэалізацыі сумесных даследчых праектаў. У межах навуковага форуму будзе арганізавана работа трох секцый, у ходзе якіх плануецца прадставіць вынікі даследаванняў і абмеркаваць праблемы захваральнасці сельскагаспадарчых жывёл, у тым ліку вызначэння патагенезу новых і пакуль невядомых хвароб, распрацоўкі перадавых прэпаратаў і стварэння вакцын. Адным з напрамкаў дыялогу спецыялістаў стануць пытанні генетыкі і селекцыі, праблемы ўтрымання, кармлення і ўкаранення тэхналогій развядзення ў жывёлагадоўлі. Па выніках канферэнцыі запланавана правядзенне круглага стала па абмеркаванні стану і перспектыў развіцця ветэрынарнай адукацыі, навукова-даследчай дзейнасці ў ветэрынарных ВНУ. Арганізатарамі навукова-практычнай канферэнцыі выступаюць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны.-0-

БЕЛТА