Праблемы сем'яў з Віцебскай вобласці, у якіх выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, льготы і дзяржаўныя гарантыі, іншыя пытанні плануецца абмеркаваць сёння на дыялогавай пляцоўцы. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.
Сустрэча пройдзе ў Богушэўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў вёсцы Рабцава. Удзельнікамі стануць дзесяць сем'яў паўночнага рэгіёну з Віцебска, Дубровен, Оршы, Полацка, Расонаў, Сянна, Ушачаў і Шуміліна, у якіх выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Таксама пляцоўка збярэ прадстаўнікоў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, Віцебскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Беларускага дзіцячага фонду.
Сярод асноўных тэм, якія тут вывучаць і абмяркуюць, - льготы і дзяржаўныя гарантыі сем'ям з дзецьмі-інвалідамі, медыцынскія і пытанні адукацыі. "Дыялогавыя пляцоўкі і іншыя мерапрыемствы, якія дазваляюць прыцягнуць увагу да праблем сем'яў, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, маюць вялікае значэнне. Яны выконваюць важную інфармацыйную функцыю, калі бацькі могуць пачуць ад прадстаўнікоў розных структур, арганізацый, дзяржаўнай улады, што прапануецца для такіх сем'яў. Некаторыя пытанні аператыўна атрымліваюць сваё вырашэнне на абласным узроўні. У нас у практыцы былі выпадкі, напрыклад, па падвозе дзяцей, калі ўдавалася вырашыць пытанні практычна адразу пасля дыялогавай пляцоўкі", - падкрэслілі ў камітэце.
Падобныя праекты працягваюць працаваць і па завяршэнні іх асноўнай часткі. Сем'і перадаюць атрыманую інфармацыю іншым бацькам, якія выхоўваюць асаблівых дзяцей, падчас наведвання мерапрыемстваў у сваім горадзе і раёне, зносін у тэматычных чатах.