2 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Продаж квіткоў на канцэрты адкрыцця і закрыцця "Славянскага базару" стартуе 3 мая з Віцебска, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск".

У гэты дзень, а таксама 4 мая прыярытэтнае права на рэалізацыю квіткоў будзе ў Віцебска. А з 5 мая яны стануць даступныя ў сістэмах білетных аператараў kvitki.by і ticketpro.by, у касах усіх абласных і раённых цэнтраў Беларусі.

Акрамя продажаў квіткоў на адкрыццё і закрыццё форуму, з 3 мая можна будзе набыць квіткі на канцэрты двух дзён фіналу Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2014", шоў "Друgoy" Філіпа Кіркорава, канцэрт у рамках Дня Саюзнай дзяржавы "Я люблю цябе, жыццё!", праграму "Зоркі Еўропы", шоў "Тэле-асарці" і гала-канцэрт "Зоркі "Шансон-ТВ".

Па апошніх даных, рэйтынг продажаў фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" практычна не змяніўся. Тройку лідараў складаюць праграма "Парад усмешак", арт-група "Хор Турецкага" з праграмай "Мужчынскі погляд на любоў" і Стас Міхайлаў з праграмай "Джокер". За імі ідуць праект "Залаты хіт" і канцэрт "Вярнуўся я на радзіму", прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Марка Фрадкіна.

Геаграфія кропак найбольш актыўных продажаў сфармавалася наступным чынам. На першым месцы знаходзіцца Віцебск, другое займаюць продажы праз Інтэрнэт, у тым ліку ў Расіі, Латвіі, Германіі, Польшчы, Літве. На трэцім месцы - Мінск, далей - Магілёў і Наваполацк.

У цэлым праз сістэмы білетных аператараў kvitki.by і ticketpro.by прададзена ўжо больш за 12 тыс. квіткоў.

XXIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 10 па 14 ліпеня. Чакаецца, што ў мерапрыемствах форуму возьмуць удзел прадстаўнікі каля 30 краін свету. Рэалізацыя квіткоў стартавала 18 красавіка. Пры гэтым 18 і 19 красавіка купіць іх можна было толькі ў касах Віцебска. Продажы квіткоў праз Інтэрнэт пачаліся з 20 красавіка.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)