18 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Продаж білетаў на канцэрты XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў Летнім амфітэатры пачынаецца сёння ў касах Віцебска і ў Інтэрнэце з 10 гадзін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Рэалізацыя білетаў на канцэрты і спектаклі на іншых пляцоўках - у канцэртнай зале "Віцебск", у тэатры імя Я.Коласа, у філармоніі - стартуе 25 мая. Кошт білетаў на фестывальныя мерапрыемствы вагаецца ад Br20 тыс. да Br750 тыс. Самыя дарагія білеты, як правіла, на канцэрт урачыстага адкрыцця: ад Br460 тыс. да Br750 тыс. Наведванне сольных канцэртаў у Летнім амфітэатры абыдзецца ў суму ад Br160 тыс. да Br300 тыс., зборных - ад Br80 тыс. да Br180 тыс. Дэмакратычныя цэны ў канцэртнай зале "Віцебск" - ад Br50 тыс. да Br150 тыс. Сустрэчы з тэатральным мастацтвам абыдуцца гледачам ад Br65 тыс. да Br130 тыс. Білеты можна набыць у дзевяці касах у Віцебску за наяўны разлік, за безнаяўны - у адной касе ў абласным цэнтры, а таксама на сайце www.ticketpro.by. На XXI Міжнародным фестывалі мастацтваў запланавана 44 мерапрыемствы: канцэрты, спектаклі, дэманстрацыя мастацкіх фільмаў. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы - у Летнім амфітэатры пройдуць 21 з іх. У канцэрце ўрачыстага адкрыцця фестывалю выступяць Ірына Алегрова, Валерыя, Леў Лешчанка, Барыс Маісееў, Аляксандр Разенбаўм, "Буранаўскія бабулі", Саманта Фокс, дзяржаўны акадэмічны ансамбль народнага танца імя Ігара Маісеева, Аляксандр Рыбак, тэатр Андрэя Данілка, Аннэ Вескі. Імёны беларускіх удзельнікаў канцэрта пакуль не названы. Дзяржаўны акадэмічны ансамбль народнага танца ім. Ігара Маісеева дасць юбілейны канцэрт, прысвечаны 75-годдзю ансамбля ў Дзень культуры Расіі. Тэатр Андрэя Данілка будзе самым вядомым на канцэрце, прысвечаным Дню культуры Украіны. Традыцыйна на фестывалі пройдзе Дзень Саюзнай дзяржавы.