11 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Продаж квіткоў на канцэрты XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў касах і Інтэрнеце пачнецца 18 мая. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Кошт квіткоў на фестывальныя мерапрыемствы вагаецца ад Br20 тыс. да Br750 тыс. Самыя дарагія квіткі, як правіла, на канцэрт урачыстага адкрыцця: ад Br460 тыс. да Br750 тыс. Наведванне сольных канцэртаў у Летнім амфітэатры абыдзецца ў суму ад Br160 тыс. да Br300 тыс., зборных - ад Br80 тыс. да Br180 тыс. Дэмакратычныя цэны ў канцэртнай зале "Віцебск" - ад Br50 тыс. да Br150 тыс. Сустрэчы з тэатральным мастацтвам абыдуцца гледачам ад Br65 тыс. да Вr130 тыс. Адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, Радзівон Бас адзначыў, што досведад продажу квіткоў праз Інтэрнэт, які ўпершыню быў апрабаваны летась, аказаўся паспяховым. Сёлета заключаны дагавор на распаўсюджванне квіткоў з СААА "Тыкетпро", у стадыі абмеркавання перамовы з другім электронным прадаўцом. Па словах прадстаўніка СААА "Тыкетпро", у 2011 годзе было рэалізавана больш за 10 тыс. квіткоў на канцэрты "Славянскага базару", з іх 12% - за межамі Беларусі. Сярод найбольш актыўных замежных інтэрнэт-пакупнікоў былі расіяне, жыхары краін Балтыі. Зафіксаваны таксама пакупкі ў Вялікабрытаніі. Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" праходзіць пад патранатам Прэзідэнта.-0-

БЕЛТА