Працягласць жыцця беларусаў за пяцігоддзе павінна ўзрасці да 72-73 гадоў
16.8.20110 праглядаў
16 жніўня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады прадугледжана забяспечыць павелічэнне чаканай працягласці жыцця пры нараджэнні да 72-73 гадоў, зніжэнне каэфіцыента агульнай смяротнасці насельніцтва да 12,5-13,0 на 1000 чалавек, у тым ліку працаздольнага ўзросту - да 5,0 на 1000 чалавек. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па прагнозе, пры існуючых тэндэнцыях да 2030 года на 1000 чалавек працаздольнага ўзросту будзе прыпадаць 841 чалавек у нетрудаздольным узросце супраць 693 чалавек у 2010-м. Такім чынам, падкрэсліў Пётр Грушнік, павялічваецца нагрузка на эканамічна актыўнае насельніцтва, сістэму аховы здароўя і сацыяльнай абароны.
"Значныя страты працоўнага патэнцыялу могуць прывесці да павелічэння дэфіцыту працоўных рэсурсаў, стрымлівання тэмпаў інавацыйнага развіцця эканомікі, тэрытарыяльнага дысбалансу, - адзначыў прадстаўнік міністэрства. - Таму ва ўмовах дэпапуляцыі перад намі стаіць звышзадача - у бліжэйшыя гады спыніць змяншэнне насельніцтва".
На яго думку, умацаванне інстытута сям'і, павышэнне ўзроўню нараджальнасці, безумоўна, уплывае на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, але не кардынальна. Адным з вызначальных фактараў дэпапуляцыі з'яўляецца высокі ўзровень смяротнасці насельніцтва, які, на жаль, мае тэндэнцыю да нарастання.
Гэты паказчык уносіць значны ўклад у нізкую працягласць жыцця. У Беларусі мужчыны жывуць на 11-15 гадоў, а жанчыны на 5-10 гадоў менш, чым у развітых краінах свету. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Беларусі складае 64 гады, жанчын - 76 гадоў.
"Вельмі сур'ёзная праблема, якая да гэтага часу не вырашана, - высокая смяротнасць працаздольнага насельніцтва, - сказаў Пётр Грушнік. - Кожны чацвёрты жыхар краіны сыходзіць з жыцця ў працаздольным узросце, а сярод мужчын - кожны трэці". У тройцы лідараў прычын смерці разам з хваробамі кровазвароту і анкалогіяй займаюць знешнія прычыны (няшчасныя выпадкі, траўмы, атручванні, самагубствы і г.п.). У 2010 годзе ад знешніх прычын памерла 14,3 тыс. чалавек. "У Беларусі знешнія прычыны нясуць адказнасць за 15,4% смерцяў мужчын, столькі ж гіне ад раку. Гэта прыводзіць не толькі да страт працоўнага патэнцыялу краіны, але і да павелічэння колькасці няпоўных сем'яў, пагаршэння дыспрапорцый у шлюбнай структуры насельніцтва", - дадаў першы намеснік міністра.
Акрамя таго, краіна ўваходзіць у перыяд скарачэння колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. Да 2015 года сумарная колькасць жанчын ва ўзросце 15-49 гадоў зменшыцца больш чым на 168 тыс. чалавек.
Важны складнік скарачэння ўзроўню смяротнасці насельніцтва - матывацыя здаровага ладу жыцця, дадаў Пётр Грушнік. На гэта накіраваны меры па фарміраванні свядомага стаўлення да свайго і чужога здароўя - хвароба павінна стаць нявыгаднай з пункту гледжання прафесійнай кар'еры і працоўных даходаў.-0-
БЕЛТА