28 лютага, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Праект дэкрэта аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх і малых гарадскіх паселішчаў, у сельскай мясцовасці падрыхтаваны ў Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння міністр эканомікі Мікалай Снапкоў на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дакумент распрацаваны Мінэканомікі сумесна з аблвыканкамамі і рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання ва ўвасабленне даручэння кіраўніка дзяржавы. Праект дэкрэта накіраваны на радыкальнае паляпшэнне ўмоў развіцця рэгіёнаў і стымуляванне дзелавой актыўнасці, перш за ўсё нацыянальных інвестараў. "Прадугледжваецца аб'яднанне асаблівых рэжымаў дэкрэтаў №1 і №9, - распавёў міністр. - Ільготныя рэжымы плануецца распаўсюдзіць на індывідуальных прадпрымальнікаў. Шмат новаўвядзенняў будзе звязана з маёмаснымі і зямельнымі адносінамі". Новым дэкрэтам прадугледжана магчымасць растэрміноўкі набываемай бізнесменамі маёмасці. Пашыраны пералік увозімага абсталявання на льготных умовах.
Кіраўнік Мінэканомікі адзначыў, што папярэднія дэкрэты №1 і №9 паўплывалі на развіццё бізнесу нязначна: ільготамі скарысталіся толькі 0,7% суб'ектаў гаспадарання. "Мы мяркуем, што праект новага дэкрэта павінен стаць рухаючай сілай у развіцці рэгіёнаў вытворчага прадпрымальніцтва на тэрыторыі сельскай мясцовасці і малых гарадоў з колькасцю насельніцтва да 50 тыс. чалавек", - сказаў Мікалай Снапкоў.-0-
БЕЛТА
Праект дэкрэта аб стымуляванні прадпрымальніцтва ў малых гарадах і сельскай мясцовасці падрыхтаваны ў Беларусі
28.2.20120 праглядаў