Праект дакумента аб страхаванні рызыкі невыплаты заробку пры банкруцтве арганізацыі ўнесены на разгляд ва ўрад. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" распавёў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, паведамляе БЕЛТА.
"Унеслі ва ўрад прапанову стварэння пэўнага страхавога фонду на выпадак страты заработнай платы людзей, якія працуюць на прадпрыемствах, што трапілі пад банкруцтва або пад санацыю", - праінфармаваў ён. Па словах старшыні ФПБ, пры падрыхтоўцы дакумента спецыялісты вывучалі, як вырашаецца гэтая праблема ў іншых краінах. Сфарміраваныя для гэтых мэт страхавыя фонды якраз вырашаюць гэту праблему.
Як паведамлялася, укараненне такога механізму абароны дазволіць работніку атрымаць гарантаваны даход за пэўны перыяд пры банкруцтве даўжніка-наймальніка, забяспечыць своечасовае пералічэнне страхавых узносаў, што з'яўляецца гарантам пенсійнага забеспячэння, а таксама не дапусціць павелічэння расходнай часткі бюджэту.
Міхаіл Орда таксама адзначыў неабходнасць прымаць усе меры для павышэння нараджальнасці ў Беларусі. "Прэзідэнт нашай дзяржавы актыўна падтрымлівае такія пытанні. Мы ўнеслі зараз прапанову, думаю, у найбліжэйшы час яна будзе разгледжана. Гэта налічэнне пенсійнага стажу мамам, у якіх чацвёра дзяцей, сёння налічваецца толькі на траіх дзяцей. Мы лічым, што гэта заканадаўчае ўпушчэнне і ў найбліжэйшы час гэтае пытанне будзе вырашана", - дадаў Міхаіл Орда.
Кажучы аб найбольш значных ініцыятывах, старшыня ФПБ падкрэсліў ролю прафсаюзаў у падрыхтоўцы прапаноў у абноўлены Працоўны кодэкс. Унесена больш за 40 прапаноў, якія былі падтрыманы. Дакумент прызначаны зняць шэраг праблемных момантаў. Да прыкладу, урэгуляваць пытанні, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю работнікаў, дзеяннем кароткатэрміновых кантрактаў і інш.
Старшыня федэрацыі таксама падрабязна спыніўся на праводзімай рабоце па народным кантролі за ростам цэн. Спецыялісты вывучаюць цэны па 97 пазіцыях прадуктаў харчавання больш чым у 200 крамах у 137 раёнах краіны. "Мы прапануем, як сёння ўплываць на цэнаўтварэнне, эфектыўна ўплываць. У нас ёсць свае дакладныя разуменні і меркаванні. Дзякуючы таму, што мы з урадам па гэтым пытанні вельмі цесна працавалі, удалося сітуацыю стабілізаваць. І сёння ўжо адпрацаваны нарматыўны прававы акт урада, які павінен цалкам адрэгуляваць гэтае пытанне", - падсумаваў ён.