4 кастрычніка, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Праект Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай энергетычнай сістэмы на 2011-2015 гады будзе разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі 5 кастрычніка. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна.
Праект праграмы распрацаваны ў адпаведнасці з Канцэпцыяй энергетычнай бяспекі Беларусі. Дакумент прадугледжвае выкананне комплексу мерапрыемстваў, якія ўключаюць далейшае павышэнне надзейнасці і эфектыўнасці работы энергасістэмы за кошт збалансаванай мадэрнізацыі і развіцця генерыруючых крыніц з прымяненнем сучасных перадавых тэхналогій і вывадам з эксплуатацыі менш эканамічнага і састарэлага абсталявання. Таксама запланавана абнаўленне асноўных фондаў энергасістэмы, зніжэнне ўзроўню выкарыстання прыроднага газу пры вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі шляхам дыверсіфікацыі паліўна-энергетычнага балансу энергасістэмы за кошт уводу ў баланс вугалю, а таксама эканамічна апраўданых аб'ёмаў мясцовых відаў паліва, нетрадыцыйных і аднаўляльных крыніц энергіі.
Акрамя гэтага, чакаецца зніжэнне затрат на вытворчасць, транспарт і выкарыстанне цеплавой і электрычнай энергіі. Таксама будуць рэалізаваны новыя трансгранічныя электрасеткавыя праекты, развіццё атрымае экспарт электраэнергіі. Прадугледжаны і іншыя мерапрыемствы, выкананне якіх дазволіць павысіць узровень энергетычнай бяспекі Беларусі.
Пры гэтым асаблівая ўвага будзе ўдзелена вырашэнню задачы павышэння энергаэфектыўнасці вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі. У прыватнасці, працягнуцца работы па рэканструкцыі шэрагу электрастанцый з прымяненнем новых сучасных энергетычных магутнасцей, уключаючы будаўніцтва буйных парагазавых энергаблокаў магутнасцю 400 МВт на Лукомльскай ГРЭС і Беразоўскай ГРЭС, будаўніцтва ЦЭЦ на базе існуючых кацельняў. У мэтах дыверсіфікацыі паліўна-энергетычнага балансу энергасістэмы плануецца будаўніцтва да 2015 года вугальнай электрастанцыі ў Зэльве з двума энергаблокамі магутнасцю па 460 МВт кожны, міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва, гідра- і ветраэлектрастанцый. Працягнуцца работы і па будаўніцтве АЭС.-0-
БЕЛТА
Праект дзяржпраграмы развіцця беларускай энергасістэмы да 2015 года разгледзіць Прэзідыум Саўміна 5 кастрычніка
4.10.20100 праглядаў