Праект Кодэкса аб адукацыі рыхтуецца да разгляду на восеньскай сесіі ў Палаце прадстаўнікоў
22.7.20100 праглядаў
22 ліпеня, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Праект Кодэкса аб адукацыі рыхтуецца да разгляду на восеньскай сесіі ў Палаце прадстаўнікоў. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч.
Паводле яго слоў, у апошнія дні ліпеня праект Кодэкса аб адукацыі паступіць на канчатковае ўзгадненне да ўсіх зацікаўленых.
Падчас абмеркавання і падрыхтоўкі праекта да другога чытання ў усіх зацікаўленых з'явілася шмат прапаноў па паляпшэнні галоўнага дакумента сучаснай беларускай адукацыі.
"Некаторыя з паступіўшых заўваг мы ўлічылі, некаторыя, напрыклад тэхнічныя, улічылі распрацоўшчыкі", - адзначыў Уладзімір Здановіч. Дэпутаты і распрацоўшчыкі (Міністэрства адукацыі) некалькі прапаноў катэгарычна адмовіліся ўносіць у дакумент. Так, паступіла прапанова не абмяжоўваць узрост дзіцяці пры паступленні ў школу і прымаць з любога ўзросту пры наяўнасці заявы ад бацькоў. "Гэта азначае, што некаторыя сучасныя мамы ці таты пры вялікім жаданні маглі б нават двух-трохгадовых дзяцей запісаць у школу, што ў корані супярэчыць усім нормам, - растлумачыў дэпутат. - Дзіця мае права на нармальнае дзяцінства, а загружаць яго загадзя школьнай праграмай, штучна рабіць з яго вундэркінда - значыць, у будучыні скалечыць яго лёс".
Глабальнага змянення сістэмы адукацыі прапанаваны праект Кодэкса не прадугледжвае, падкрэсліў дэпутат. Аднак гэта першы ў Беларусі звод законаў аб адукацыі, які ўводзіць новую галіну - адукацыйнае права. У праекце знайшлі адлюстраванне пытанні развіцця новых тэхналогій у адукацыі, сярод іх - актыўнае выкарыстанне тэхналогіі адкрытай адукацыі (дыстанцыйнай), удасканаленне матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, сістэмнае змяненне зместу адукацыі ў адпаведнасці са зменлівымі патрабаваннямі рынку працы.
Падрабязна ў праекце Кодэкса прапісана, што такое дысцыплінарная адказнасць, калі яна ўзнікае. Гэта датычыцца ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: бацькоў, педагогаў, вучняў. Праект прадугледжвае адлічэнне навучэнцаў старэйшых класаў школ за паспяховасць па трох прадметах. Закрэпліваюцца нормы аб дашкольнай, сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі дарослых. Праваадносіны па гэтых узроўнях адукацыі ў цяперашні час не ўрэгуляваны законамі прамога дзеяння. Структурна праект Кодэкса падпадзяляецца на Агульную і Асаблівую часткі.
Кодэкс аб адукацыі – гэта аб'ёмны дакумент, у якім зведзены да адзінства нарматыўна-прававыя акты шляхам іх сістэматызацыі па ўзроўнях адукацыі. Пры яго распрацоўцы праводзіўся аналіз міжнародных дагавораў, асноватворных актаў ААН, ЮНЕСКА, іншых міжнародных арганізацый.
БЕЛТА