21 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вынесены на грамадскае абмеркаванне праект Канцэпцыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі Беларусі на 2012-2015 гады накіраваны на падтрымку маладых сем'яў і малазабяспечаных катэгорый грамадзян, канстатаваў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец.
"Жыллё - гэта аснова асноў для кожнага чалавека, які ўступае ў жыццё і будуе сям'ю, таму дзяржаўная жыллёвая палітыка накіравана ў першую чаргу на падтрымку маладых і маламаёмных сем'яў", - падкрэсліў губернатар. Жыллёвыя праграмы будуць і надалей развівацца ў вобласці. "Цяперашнія працэнтныя стаўкі зменшацца, і ўсё стане на свае месцы. Людзі будуць будаваць", - упэўнены Аляксандр Косінец.
У Віцебскай вобласці ў бліжэйшыя гады прыярытэтам стане індывідуальнае будаўніцтва. Магчымасць атрымання зямельных участкаў будзе прадастаўлена ўсім жадаючым як у буйных гарадах, так і ў райцэнтрах. "Я прыхільнік магутнага развіцця будаўніцтва. Гэтая галіна, як лакаматыў, цягне за сабой яшчэ каля 30 галін - ад электронікі да лёгкай прамысловасці. Неабходна разумець, што спыняць будаўніцтва нельга, гэта пагражае стратамі для эканомікі", - лічыць старшыня аблвыканкама.
Праект Канцэпцыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі Беларусі на 2012-2015 гады прадугледжвае з улікам патэнцыйных магчымасцей будаўнічага комплексу краіны па ўводзе жылля, павелічэння аб'ёмаў будаўніцтва індывідуальнага жылля і параметраў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады будаўніцтва ў 2013 годзе 6,5 млн. кв. м жылля, у 2014 годзе - 8,5 млн. кв. м жылля, у 2015 годзе аб'ём уводу жылля ў краіне дасягне 9,5 млн. кв. м. У праекце дакумента гаворыцца, што ў структуры фінансавання жыллёвага будаўніцтва доля сродкаў грамадзян і арганізацый павялічыцца з 44,4% у 2011 годзе да 60% у 2015-м, у тым ліку доля асабістых сродкаў грамадзян - з 35% да 50%. Частка льготных крэдытаў і сродкаў бюджэтаў будзе накіравана на будаўніцтва арэнднага жылля. Праект Канцэпцыі вынесены на грамадскае абмеркаванне да 15 мая.-0-
БЕЛТА
Праект Канцэпцыі жыллёвай палітыкі накіраваны на падтрымку нядольных катэгорый грамадзян – А.Касінец
21.4.20120 праглядаў