Калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны і Швецыі будуць прадстаўлены ў праекце "Лялечны квартал" на "Славянскім базары ў Віцебску". Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск", прадстаўленні пройдуць на сцэне Беларускага тэатра "Лялька".

Калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны і Швецыі будуць прадстаўлены ў праекце "Лялечны квартал" на "Славянскім базары ў Віцебску". Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск", прадстаўленні пройдуць на сцэне Беларускага тэатра "Лялька".

"Лялечны квартал" пройдзе ў фестывальным Віцебску ўжо чацвёрты раз. Сёлета ў ім заяўлена 8 удзельнікаў. Упершыню прадстаўлена Швецыя - тэатр "Альбатрос" пакажа спектакль "Дзяўчынка і марская чарапаха", - адзначылі ў тэатры "Лялька". - Калі казаць пра колькасць удзельнікаў, то за чатыры гады яна вырасла ўдвая - пачыналі мы з чатырох калектываў".

Стартуе праект спектаклем "Брэменскія музыкі", пастаўленым віцебскімі лялечнікамі. Яны ж прадставяць таксама інтэрактыўную казку "Вясёлы Дарафей". Яшчэ адзін беларускі ўдзельнік квартала - Гродзенскі тэатр лялек, які пакажа казку-камедыю "Цароўна-жабка". Акрамя гэтага, у Віцебску можна будзе ўбачыць монаспектакль па матэрыялах беларускага фальклору. Аўтарскі праект лідара этна-трыа "Троіца" Івана Кірчука пад назвай "Дарожка мая" - гэта сінтэз спадчыны беларускай культуры, сабранай ім за 30 гадоў творчай дзейнасці.

Што тычыцца расійскіх удзельнікаў, то Маскоўскі тэатр лялек пакажа на "Славянскім базары" скамарошую пацеху "Паехалі!", а Белгародскі дзяржаўны тэатр лялек - гісторыю аднаго цуду пад назвай "Слон". Украіну на форуме прадстаўляюць таксама два калектывы - моладзевы анімацыйны тэатр "Ёсць" прывязе спектакль "Белы параход" па Чынгізе Айтматаве (пастаноўка мае ўзроставае абмежаванне 14+), Ровенскі абласны акадэмічны тэатр лялек парадуе дзяцей і дарослых спектаклем-гульнёй "Бармалей" па Корнею Чукоўскаму.

Спектаклі будуць ісці на сцэне віцебскай "Лялькі" штодня да 17 ліпеня, пачатак прадстаўленняў у 11.00 і 13.00. Вячэрнія паказы будуць пачынацца ў 18.00 і 19.00. Прадстаўленням у тэатры будзе папярэднічаць хепенінг для дзяцей і дарослых.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)