15 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Праект "Не гвалту над дзецьмі!" стартаваў у Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава.
Асноўная мэта праекта - садзейнічаць фарміраванню негатыўнага стаўлення да фактаў гвалту над дзецьмі ў дарослых. Для гэтага ў вобласці ўжо разгортваецца шырокая інфармацыйная кампанія: па мясцовым тэлебачанні будзе транслявацца ролік сацыяльнай рэкламы, распаўсюджвацца друкаваная прадукцыя адпаведнай тэматыкі. Таксама запланаваны інтэрактыўныя лекцыі для педагогаў, слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі, у цэнтры якіх будуць праблемы папярэджання гвалту над дзецьмі і неналежнага абыходжання з імі. У шэрагу раёнаў рэгіёну адбудуцца інфасесіі для спецыялістаў розных ведамстваў, зацікаўленых у пытаннях аховы дзяцінства, і бацькоў.
Галіна Жаланава падкрэсліла, што праблема прафілактыкі гвалту над дзецьмі сёння хвалюе ўвесь свет. "Даследаванні, праведзеныя ў Беларусі, паказваюць, што нашы дзеці ў большасці сваёй гвалту не падвяргаюцца. Аднак, на думку спецыялістаў, нізкія паказчыкі статыстыкі сведчаць не пра адсутнасць праблемы, а пра яе латэнтны характар. Афіцыйныя лічбы толькі адлюстроўваюць крайнія выпадкі, калі ў справу ўмешваюцца праваахоўныя органы. У той жа час часта не разглядаюцца як формы жорсткага абыходжання з дзецьмі неналежны догляд і вербальная агрэсія, адсутнасць падтрымкі і дапамогі з боку дарослых", - падкрэсліла яна і заклікала жыхароў вобласці пры выяўленні гвалту над дзіцем звяртацца па дапамогу ў сацыяльна-педагагічны цэнтр, а ў выпадках выяўлення сэксуальнага і фізічнага гвалту - у міліцыю, органы апекі і камісію па справах непаўналетніх. Тэлефон гарачай лініі міліцыі 8-0212-21-08-63.
Праект рэалізуецца абласной арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа пры фінансавай падтрымцы Прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь. -0-
БЕЛТА
Праект "Не гвалту над дзецьмі!" стартаваў у Віцебскай вобласці
15.5.20120 праглядаў