1 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праект новай рэдакцыі закона "Аб ахове здароўя" будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Праца над праектам завяршаецца, і ў бліжэйшы час ён з'явіцца ў адкрытым доступе на сайце Міністэрства аховы здароўя. Да яго абмеркавання ведамства запрашае ўсіх зацікаўленых асоб. Як запэўніў Дзмітрый Піневіч, ніводная прапанова не будзе пакінута без увагі. Выступаючы перад удзельнікамі калегіі ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, Дзмітрый Піневіч паведаміў, што ў праекце новай рэдакцыі будуць улічаны элементы дзейнасці сістэмы аховы здароўя і яе ўзаемадзеянне з іншымі сацыяльнымі інстытутамі краіны, а таксама агавораны адносіны "урач-пацыент". Паводле яго слоў, у праекце таксама будуць прад'яўлены патрабаванні да наймальнікаў у адносінах да грамадскага здароўя, а таксама да грамадзян па выкананні асноў здаровага ладу жыцця.-0-

БЕЛТА