24 мая, Мінск /Кар. БелТА/. У Беларусі пачата рэалізацыя праекта Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка ў сферы фармацэўтыкі, нана- і біятэхналогій "БелБіяград". Пра гэта паведамілі кар. БелТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.
Агульная плошча тэрыторыі "БелБіяграда" складзе 167,3 га. Яго індустрыяльная зона будзе размешчана на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка ў якасці аўтаномнай пляцоўкі (субпарка). Стварэнне "БелБіяграда" прыцягне ў Беларусь $8,55 млрд. замежных інвестыцый, будзе створана больш за 37 тыс. новых працоўных месцаў.
Акрамя "БелБіяграда" атрымаюць развіццё і іншыя тэхнапаркі. Усяго ў якасці рэзідэнтаў тэхнапаркаў у 2012 годзе зарэгістравана 30 арганізацый, створана 126 новых працоўных месцаў. На развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы інавацыйнай інфраструктуры з рэспубліканскага бюджэту выдзелена Br34 млрд.
Агульная сума валютных сродкаў, пералічаная беларускім навуковым і навукова-вытворчым арганізацыям па кантрактах, заключаных з замежнымі партнёрамі, склала $65 млн.
Беларусь у 2012 годзе ў параўнанні з пазамінулым годам павялічыла экспарт навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі больш чым у 3 разы да $10 млрд. Станоўчая дынаміка інавацыйнага развіцця адзначаецца і ў павелічэнні долі інавацыйна актыўных арганізацый у прамысловасці - з 22,7% да 24,8%.
За апошні год Беларусь значна палепшыла свае пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах. Так, у індэксе эканомікі ведаў Сусветнага банка рэспубліка займае 59-е месца са 146 краін (рост на 11 пазіцый).-0-