12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі цяпер падрыхтаваны і накіраваны на разгляд ва ўрад праект указа кіраўніка дзяржавы, які прадугледжвае змяненне складу дзяржаўнага жыллёвага фонду. Аб гэтым паведаміў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Андрэй Шорац у інтэрв'ю "Народнай газеце", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Згодна з праектам гэтага дакумента ўсе службовыя жылыя памяшканні, а гэта каля 79 тыс. кватэр, будуць уключаны ў фонд жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання. "Разам з тым для замацавання кадраў на прадпрыемствах і ў арганізацыях грамадзяне, якія знаходзяцца ў працоўных адносінах з арганізацыямі, у веданні якіх знаходзіцца такое жыллё, будуць мець пераважнае права на атрыманне жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання", - адзначыў міністр. Плата за карыстанне такім жыллём будзе разлічвацца з улікам паніжальных каэфіцыентаў. Гэтыя каэфіцыенты будуць устаноўлены аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам пасля выдання гэтага праекта, растлумачыў Андрэй Шорац.

Міністр паведаміў, што акрамя службовага жылля прадугледжваецца ўключэнне ў камерцыйны найм таксама жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду, якія да гэтага часу не прыватызаваны грамадзянамі. "Прадугледжваецца, што адпаведны праект указа, які ўжо падрыхтаваны, завершыць этап прыватызацыі жылля дзяржаўнага жыллёвага фонду", - падкрэсліў ён.

Андрэй Шорац нагадаў, што пры прыватызацыі такіх кватэр грамадзяне змогуць выкарыстоўваць імянныя прыватызацыйныя чэкі "Жыллё". Цяпер уладальнікамі спецыяльных (чэкавых) рахункаў з'яўляюцца каля 188 тыс. чалавек, што складае 3,5% ад агульнай колькасці грамадзян, якім першапачаткова была налічана жыллёвая квота.

"Праект гэтага дакумента пасля яго выдання ўступіць у сілу праз чатыры месяцы, і на працягу аднаго года пасля ўступлення яго ў сілу ў грамадзян будзе час для таго, каб звярнуцца з заявай аб прыватызацыі жылога памяшкання. Такім чынам, устанаўліваюцца тэрміны, дастатковыя для ўстаранення прычын і ўрэгулявання праблемных сітуацый, якія не дазваляюць грамадзянам прыняць узгодненае рашэнне аб прыватызацыі жылля", - лічыць кіраўнік Мінжылкамгаса.-0-


 

Навіны Беларусі (БЕЛТА)