22 снежня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Праект указа па прадухіленні выплаты заробку ў канвертах распрацаваны ў Беларусі. Пра гэта паведаміў сёння журналістам намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Васіля Каменкі, факт выплаты заработнай платы ў канвертах сёння не так проста выявіць. Ён лічыць, што радыкальныя змены могуць адбыцца толькі пасля завяршэння працы па ўдасканаленні адпаведнага заканадаўства.
"Па ініцыятыве МПЗ падрыхтаваны праект указа па прадухіленні выплаты заробку ў канвертах. Дакументам таксама ўводзяцца новыя нормы, якія даюць паняцце, што такое неадлюстраваны заробак у бухгалтэрыі, якая адказнасць прадугледжваецца за гэта, і іншыя", - сказаў намеснік міністра.
Ён растлумачыў, што дзеючым заканадаўствам прадугледжваецца адказнасць наймальніка ў выглядзе штрафу, калі ён выплачвае заробак ніжэйшы за базавы ўзровень пражытачнага мінімуму. Але калі ён афіцыйна выплачвае заробак вышэйшы за адзін базавы ўзровень пражытачнага мінімуму, а астатнюю яго частку - у канверце, то ў выпадку звароту работніка па гэтым пытанні ў падатковыя органы можа ўзнікнуць парадокс. У прыватнасці, калі чалавек паведаміць аб тым, што ён атрымлівае заробак у канверце, то па заканадаўстве яму неабходна будзе заплаціць пэўную суму падаходнага падатку. Гэта, натуральна, стрымлівае звароты наёмных работнікаў у падатковыя органы.
Новым указам гэты момант урэгуляваны: наёмны работнік у гэтым выпадку будзе цалкам вызваляцца ад адказнасці і неабходнасці плаціць падаходны падатак. Падаходны і іншыя падаткі павінен будзе за яго заплаціць наймальнік. Ён таксама будзе несці адміністрацыйную адказнасць за здзейсненае парушэнне. Аднак для доказу выплаты заробку ў канверце работніку неабходна будзе прад'явіць падатковаму органу дакументальнае пацвярджэнне або стаць сведкам у судзе.
Праект указа прайшоў усе ўзгадненні і накіраваны на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта. -0-
БЕЛТА
Праект указу аб прадухіленні выплаты заробку ў канвертах распрацаваны ў Беларусі
22.12.20100 праглядаў