31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прафілактычная акцыя "Дзіця - галоўны пасажыр!" пройдзе з 6 па 12 жніўня ў Беларусі. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Ганна Банадык, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Акцыя прадугледжвае работу з кіроўцамі па бяспечнай перавозцы дзяцей, прапаганду выкарыстання дзіцячых аўтамабільных крэслаў. Дарослым яшчэ раз нагадаюць аб тым, што юных пасажыраў неабходна прышпіляць. Ганна Банадык парекамендавала прышпіляць дзяцей пасавым рамянём, заводзячы дыяганальную частку за спіну. "Дзіця будзе зафіксавана ў вобласці таліі, што дазволіць яму пазбегнуць траўм у тым выпадку, калі кіроўцу давядзецца рэзка затармазіць", - адзначыла яна, падкрэсліўшы, што найбольш цяжкія траўмы атрымліваюць дзеці-пасажыры. Старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС расказала, што напярэдадні новага навучальнага года ва ўсіх рэгіёнах ідзе падрыхтоўка вулічнай дарожнай сеткі каля школ і дзіцячых садкоў, якія размешчаны паблізу праезнай часткі: правяраецца наяўнасць турнікетаў, каб дзеці не мелі свабоднага доступу на дарогу, знакаў, "лежачых паліцэйскіх", стан асвятлення. Акрамя таго, у гэтым годзе будзе працягнута практыка, калі такія навучальныя ўстановы і найбліжэйшыя пераходы будуць злучаць намаляваныя сляды. "Нам гэта псіхолагі падказалі. Дзецям падабаюцца такія дарожкі, і яны ідуць па іх да месца бяспечнага пераходу", - растлумачыла Ганна Банадык. Яна дадала, што з пачатку года на дарогах загінула 11 дзяцей, 230 трапілі ў бальніцы з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Між тым самы траўманебяспечны перыяд для юных удзельнікаў руху наперадзе - жнівень - пачатак верасня. Ганна Банадык таксама расказала, што ў апошнія гады ў Беларусі малых з трох гадоў навучаюць правілам бяспечных паводзін на дарозе. Дзецям больш сталага ўзросту тлумачаць правілы дарожнага руху. Прынятыя меры дазволілі істотна знізіць колькасць ДТЗ, якія здзяйсняліся з-за дзяцей, што не ведаюць, як сябе паводзіць на дарозе.

БЕЛТА